Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі ўпершыню пройдзе ў Варшаве


Ілюстрацыйнае фота. Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў у Коўна, 28.09.2012

Сёмы Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі адбудзецца 15-17 верасьня ў Варшаве, паведамілі БелаПАН у аргкамітэце правядзеньня мерапрыемства.

Традыцыйна на кангрэсе зьбярэцца каля 500 навукоўцаў і экспэртаў зь Беларусі ды іншых краінаў, чакаюцца дыскусіі і прэзэнтацыі. Акрамя таго, будуць уручаныя прэміі за найлепшыя навуковыя публікацыі па выніках 2015 і 2016 гадоў.

Збор заявак на стварэньне сэкцыяў і панэляў, а таксама збор намінацыяў на прэмію кангрэсу за найлепшую навуковую публікацыю будуць праходзіць да 10 сакавіка ўключна. Фінальны сьпіс сэкцыяў будзе вызначаны да 20 траўня. Папярэдняя праграма кангрэсу стане вядомая да 15 жніўня.

Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі быў заснаваны 6 кастрычніка 2010 году ў Каўнасе на сустрэчы прадстаўнікоў беларускай і літоўскай акадэмічных супольнасьцяў. Ініцыятарамі выступілі інстытут «Палітычная сфэра», Інстытут Вялікага Княства Літоўскага і Ўнівэрсытэт Вітаўта Вялікага.

Мэта кангрэсу — разьвіцьцё супольнасьці навукоўцаў, аналітыкаў і экспэртаў, а таксама садзейнічаньне больш глыбокаму разуменьню Беларусі ў акадэмічнай і грамадзкай супольнасьці краіны, рэгіёну і сьвету. Папярэднія кангрэсы праходзілі ў Каўнасе, сёлета ён упершыню адбудзецца ў Варшаве.

Асноўным акадэмічным партнэрам з польскага боку выступіць Collegium Civitas, паведамляе БелаПАН.

XS
SM
MD
LG