Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыю Расеі надалей не пускаюць у Раду Эўропы


Масква вырашыла не падаваць у Страсбург сьпіс новай расейскай дэлегацыі Дэлегацыя Расеі ня будзе ўдзельнічаць у пасяджэньнях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў 2017 годзе. Гэта стала вядома 12 студзеня ў ходзе рабочага візыту ў Маскву старшыні ПАРЭ Пэдра Аграмунта, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Пасля сустрэчы з дэпутатамі Дзяржаўнай Думы на чале са старшынём палаты Вячаславам Валодзіным Пэдра Аграмунт заявіў журналістам:

«З дрэнных навін — прадстаўнікі (Расеі) ня будуць удзельнічаць сёлета, але мы будзем шукаць нейкія рашэньні пазней у гэтым годзе... Мы ведаем, што Расея не прадасьць дакумэнтаў для ўдзелу ў ПАРЭ ў студзені 2017 году праз тое, што ейны ўдзел аспрэчваюць некаторыя краіны-чальцы».

Пэдра Аграмунт таксама выказаў думку пра тое, што ў выпадку, калі б Расея накіравала сваю дэлегацыю ў ПАРЭ на студзеньскую сэсію, якая пройдзе з 23 па 27 студзеня ў Страсбургу, то, «хутчэй за ўсё, гэтыя паўнамоцтвы не былі б пацьверджаныя».

У пачатку году, на студзеньскай сэсіі, ПАРЭ агульным галасаваньнем пацьвярджае паўнамоцтвы ўсіх дэлегацыяў краінаў — чальцоў Рады Эўропы. Калі сьпіс дэлегацыі не пададзены на зацьвярджэньне Асамблеі ў студзені, то краіна, якая не прадставіла яго, ня зможа ўдзельнічаць у працы ПАРЭ на працягу ўсяго году.

Паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі былі ўрэзаныя ПАРЭ ў красавіку 2014 году пасьля анэксіі Крыму і ўдзелу Расеі ў вайне на ўсходзе Ўкраіны: расейская дэлегацыя была пазбаўленая права галасаваць, удзельнічаць у кіроўных органах асамблеі і ейных маніторынгавых місіях. У адказ на гэта дэлегацыя Расеі абвясціла байкот пасяджэньняў ПАРЭ і пакінула залю ў Страсбургу, заявіўшы, што вернецца толькі пасьля адмены санкцыяў.

У 2015 і 2016 гадах ПАРЭ падаўжалі санкцыі супраць расейскай дэлегацыі, паколькі Расея заявіла, што Крым ня будзе вернуты Ўкраіне, а таксама працягвала ўдзел у ваенным канфлікце ў Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны.

У канцы 2016 году Вячаслаў Валодзін заявіў, што новая дэлегацыя расейскага парлямэнту ў ПАРЭ будзе сфармаваная, але пытаньне пра яе ўдзел у сэсіях Асамблеі будзе разглядацца толькі тады, калі ПАРЭ вырашыць адмяніць санкцыі супраць парлямэнтароў з Расеі.

Размаўляючы 12 студзеня з Пэдра Аграмунтом, Валодзін заявіў: «Калі пазбаўляюць права голасу, гэта нагадвае нейкія часы сярэднявечча. Засталося толькі інквізыцыю ўвесьці і, адпаведна, далей ужо можна ня думаць пра дэмакратыю, якая ў аснове сваёй проста не дапускае такіх рашэньняў».

Раней кіраўнік дэлегацыі Ўкраіны ў ПАРЭ Уладзімер Ар’еў сказаў у інтэрвію расейскай службе «Голасу Амэрыкі», што калі Асамблея верне расейскай дэлегацыі ўсе яе правы без выкананьня Масквой патрабаваньняў Асамблеі, то ён і ягоныя калегі з украінскай дэлегацыі самі пакінуць ПАРЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG