Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэгія выдаткоўвае на Брэйвіка як Беларусь на 500 вязьняў


Андэрс Брэйвік на слуханьнях пра цяжкія ўмовы ўтрыманьня ў турме Шыен (Skien)

Утрыманьне вязьня Андэрса Брэйвіка, які ў ліпені 2011 году забіў 77 чалавек, абыходзіцца бюджэту Нарвэгіі ў 5 мільёнаў нарвэскіх кронаў штогод, гэта значыць, прыблізна 50 тысяч даляраў штомесяц.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік абвінавачаньня Фрэдрык Сэерстэд падчас слуханьняў па скарзе Брэйвіка на цяжкія ўмовы і парушэньні ягоных правоў, якія гэтымі днямі праходзяць у турме Шыен (Skien), дзе Брэйвік адбывае прысуд да 21-гадовага зьняволеньня за сваё злачынства.

На слуханьнях разглядаецца апэляцыя Міністэрства юстыцыі і Брэйвіка на красавіцкае рашэньне акруговага суду Осла, якім часткова была задаволена яго скарга аб негуманных умовах утрыманьня ў турме. Суд прызнаў, што забарона на зносіны і ізаляцыя ад грамадзтва парушаюць Эўрапейскую канвэнцыю аб правах чалавека, але зь іншага боку не знайшоў парушэньняў у забароне Брэйвіку на перапіску і тэлефонныя званкі.

Турма Шыен (Skien), дзе Брэйвік адбывае прысуд.
Турма Шыен (Skien), дзе Брэйвік адбывае прысуд.

У карыстаньні Андэрса Брэйвіка ў турме тры пакоі з тэлевізарам і кампутарам, але бяз доступу да інтэрнэту. Брэйвік мае кантакт толькі з ахоўнікамі і мэдычным пэрсаналам ды сваім адвакатам, зь якім можа размаўляць толькі праз шкло. Нарвэскія ўлады лічаць такія ўмовы ўтрыманьня вязьня цалкам законнымі.

Кошт ўтрыманьня Брэйвіка ў турме Шыен значна перавышае кошт утрыманьня аднаго вязьня ў найдаражэйшай вязьніцы Нарвэгіі — турме Холдэн (Holden) — дзе дзяржава выдаткоўвае каля 8 тысяч даляраў на аднаго зьняволенага штомесяц.

Турма, дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік.
Турма, дзе знаходзіцца Андрэс Брэйвік.

Як лічаць многія экспэрты, высокія кошты і больш камфортныя ўмовы ўтрыманьня вязьняў у Нарвэгіі ў параўнаньні зь іншымі пэнітэнцыярнымі сыстэмамі на сьвеце аплачваюцца для краіны. У Нарвэгіі, якая налічвае каля 5 мільёнаў жыхароў, у турмах знаходзяцца менш за 4 тысячы чалавек. Гэта дае адзін з найніжэйшых паказьнікаў зьняволеньня на сьвеце — 75 вязьняў на 100 тысяч насельніцтва. Для параўнаньня — паводле Міжнароднага цэнтру турэмных дасьледаваньняў (дадзеныя за 2012 год), Беларусь мела 335 вязьняў на 100 тысяч насельніцтва.

У дадатак, у Нарвэгіі адзін з самых нізкіх паказьнікаў рэцыдыўнай злачыннасьці на сьвеце — менш чым 20% былых вязьняў трапляюць у турму паўторна на працягу пяці гадоў пасьля выхаду на свабоду. Варта таксама адзначыць, што, паводле афіцыйнай статыстыкі, 34% вязьняў у нарвэскіх турмах — замежнікі.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, кошт утрыманьня аднаго вязьня ў калёніі ў 2016 годзе складаў 1 877 000 рублёў на месяц, то бок каля 100 даляраў. За грошы, якія Нарвэгія выдаткоўвае штомесяц на Андэрса Брэйвіка, беларуская пэнітэнцыярная сыстэма магла б утрымаць паўтысячы сваіх вязьняў.

Турма Шыен, дзе Брэйвік адбывае прысуд. Прыбіральня.
Турма Шыен, дзе Брэйвік адбывае прысуд. Прыбіральня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG