Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік СК: прад’яўлена абвінавачаньне менчуку, які напаў на міліцыянта ў навагоднюю ноч

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Менчуку, якога падазраюць у нападзе на міліцыянта, прад’яўлена абвінавачаньне. Пра гэта паведаміў старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч 12 студзеня.

«У цяперашні час яму выбрана мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту, пакуль ён знаходзіцца ў лячэбнай установе», — цытуе Наскевіча БелТА.

У навагоднюю ноч на пляцоўцы каля сваёй кватэры быў паранены 28-гадовы работнік «Кераміну». У яго двойчы страляў міліцыянт. Абодва шпіталізаваныя: міліцыянт — з чэрапна-мазгавой траўмай, гаспадар кватэры — з агнястрэльнымі раненьнямі.

Паводле вэрсіі ГУУС, 28-гадовы супрацоўнік «Кераміну» «нанёс удар супрацоўніку міліцыі ў вобласьць грудзей, пасьля чаго яшчэ сэрыю ўдараў у галаву»:

«Супрацоўнік міліцыі прыбыў, прадставіўся, патлумачыў прычыну візыту, папрасіў перастаць перашкаджаць суседзям. У адказ грамадзянін Г., які знаходзіўся ў стане моцнага алькагольнага апʼяненьня, раптам нанёс удар супрацоўніку міліцыі ў вобласьць грудзей, пасьля чаго яшчэ сэрыю ўдараў у галаву, а потым паспрабаваў завалодаць табэльнай зброяй міліцыянта.

Супрацоўнік міліцыі папярэдзіў грамадзяніна аб выкарыстаньні табэльнай зброі, калі той ня спыніць сваіх супрацьпраўных дзеяньняў. Але дарэмна: правапарушальнік схапіўся за запясьце міліцыянта, спрабаваў вырваць пісталет. У выніку сяржант міліцыі ў барацьбе зрабіў папераджальны стрэл у бок, а потым два стрэлы зь пісталета, імкнучыся прычыніць нападніку найменшыя страты. Пасьля гэтага правапарушальнік быў затрыманы і дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя на лячэньне. Супрацоўнік міліцыі быў шпіталізаваны з чэрапна-мазгавой траўмай і іншымі пашкоджаньнямі».

Паводле жонкі параненага гаспадара кватэры Настасьсі Г., як толькі яе муж адчыніў дзьверы, госьці пачулі крыкі і стрэлы. Як расказала парталу tut.by жонка параненага, першай у тамбур выбегла яе сястра, на якую міліцыянт наставіў пісталет. Жонка ўбачыла мужа, які ляжаў на падлозе ў лужыне крыві. Міліцыянт, што страляў, адразу ж зьбег. Потым Настасься ўбачыла яшчэ двух міліцыянтаў, але яна ня ведае, прысутнічалі яны ў момант здарэньня ці падышлі пазьней.

Паводле сьведак, суседзяў работнік «Кераміну» быў спакойны чалавек, не валодаў навыкамі рукапашнага бою і ня меў пры сабе ніякай зброі.

XS
SM
MD
LG