Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паверыць у долю праўды: падарожжы польскага дэтэктыва


Зыгмунт Мілашэўскі
Зыгмунт Мілашэўскі

Юля Цімафеева

У Тэадора Шацкага сівая галава.

У Тэадора Шацкага заблытанае асабістае жыцьцё.

Тэадор Шацкі ўмее плакаць і сябе шкадаваць. Тэадор Шацкі любіць якасныя касьцюмы, плашчы і добрую каву. Варшавянін і пракурор Тэадор Шацкі любіць забойствы, але ня любіць «холаду, бязглуздых спраў, некампэтэнтных адвакатаў і правінцыйных судоў».

Польскі пісьменьнік Зыгмунт Мілашэўскі прысьвяціў гэтаму, часам сымпатычнаму, а часам вульгарнаму герою, апантанаму жанчынамі і працай, тры свае дэтэктыўныя раманы: «Павязаныя» (Uwikłanie , 2007), «Доля праўды» (Ziarno prawdy, 2011) і «Гнеў» (Gniew , 2014). Раманы ўжо атрымалі розгалас у сьвеце, былі ўзнагароджаныя польскімі і замежнымі прэміямі, а таксама перакладзеныя на ангельскую, францускую, нямецкую, чэскую, украінскую ды іншыя мовы. Па-беларуску ня так даўно выйшла другая частка трылёгіі, «Доля праўды», у якасным перакладзе Марыны Казлоўскай.

Дзеяньне трох раманаў Мілашэўскага адбываецца ў розных польскіх гарадах: Варшаве, Сандаміры і Ольштыне. Першая частка — «Павязаныя» — расказвае гісторыю забойства падчас псыхатэрапэўтычнай практыкі. Пад падазрэньнем аказваюцца ўдзельнікі і ўдзельніцы сямейнай псыхатэрапіі. Тэадор Шацкі спрабуе дакапацца, каму ж спатрэбілася забіць і без таго журботнага ўладальніка паліграфічнай фірмы, чыя дачка нядаўна скончыла жыцьцё самагубствам — і не якім-небудзь там банальным спосабам, а прабіўшы яму вока ражном.

Гэтыя пытаньні маглі б сабе задаць і беларускія чытачы: куды падзеліся былыя савецкія функцыянэры і ці панёс нехта адказнасьць за бэсэсэраўскія правіны?

Ні ворагаў, ні зайздросьнікаў... У перапынках паміж сустрэчамі з падазраванымі і заглыбленьнем у асаблівасьці псыхатэрапэўтычнага мэтаду дэтэктыў Шацкі разьбіраецца са сваім сямейным жыцьцём. Аднак у дэтэктыўным рамане аўтар ня проста ловіць чытача на кручок цікаўнасьці і спакойна цягне за сабой да самай разьвязкі — гэта ў Мілашэўскага, прынамсі, са мной, спрацавала выдатна — а зьвяртаецца да такіх няпростых для сучаснага польскага грамадзтва тэмаў, як судовы перасьлед за самаабарону ахвяраў хатняга гвалту або дагэтуль не раскрытыя забойствы і катаваньні польскімі спэцслужбамі ў камуністычны час. Ці было жыцьцё ў ПНР падобным да тых абсурдных камэдыяў, што стваралі польскія рэжысэры ў позьнекамуністычны пэрыяд, і ці не прыкрывала гэтая весялосьць сур’ёзных і жорсткіх злачынстваў? Як мне падаецца, гэтыя пытаньні маглі б сабе задаць і беларускія чытачы: куды падзеліся былыя савецкія функцыянэры і ці панёс нехта адказнасьць за бэсэсэраўскія правіны?

У адным з інтэрвію Зыгмунт Мілашэўскі расказваў, што праца з дакумэнтацыяй для раману заняла ў яго некалькі месяцаў. Для падрыхтоўкі «Павязаных» ён размаўляў з псыхатэрапэўтамі, чытаў спэцыяльную літаратуру, сустракаўся з пракурорамі, дасьледаваў, як працавалі спэцслужбы ў камуністычныя часы. «Раман — гэта праца, — кажа пісьменьнік. — Я не люблю літаратуру, у якой нехта распавядае, як яму пагана, і пасьля хоча за сваю кнігу атрымаць 10 даляраў. Калі нехта выдаткоўвае 10 даляраў на раман, то я хачу, каб ён атрымаў ад чытаньня як найбольш».

Беларуская тэма ў рамане таксама ўздымаецца.

Дзеяньне другога раману пра Тэадора Шацкага, які можна пачытаць па-беларуску, адбываецца ў невялікім правінцыйным гарадку Сандамір, што знаходзіцца непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай. Дарэчы, беларуская тэма ў рамане таксама ўздымаецца, хоць і між справай. Тэадор раскрывае справу гандлю жанчынамі, што едуць у Эўразьвяз па лепшую долю. Беларусак і ўкраінак прадаюць проста пасярод сандамірскага рынку.

Але галоўная інтрыга раману, натуральна, ня ў гэтым. Застарэлыя польска-габрэйскія канфлікты робяцца асноўным фонам расьсьледаваньня забойства ўсімі любімай мясцовай настаўніцы, чый труп аднойчы знаходзяць пад мурамі былой сандамірскай сынагогі.

Цёмныя пляміны польскай гісторыі і цяпершчыны — адна з найважнейшых тэмаў раману. Сучасны бытавы антысэмітызм і мінулыя пагромы, апошні зь якіх меў месца зусім непадалёку ад Сандаміру, у Кельцах, у 1946 годзе. Сандамірская фрэска з выявамі габрэяў, што забіваюць польскіх дзяцей, якая дагэтуль вісіць у мясцовай царкве Сьв. Паўла.

Ці заўжды міты ўтрымліваюць хоць долю праўды?

Правінцыйнасьць і сьляпы нацыяналізм, прыпраўлены зайздрасьцю і прымхлівасьцю. Вось толькі некалькі момантаў, на якія зьвяртае ўвагу Зыгмунт Мілашэўскі ў сваёй другой кнізе пра Тэадора Шацкага. Ці заўжды міты ўтрымліваюць хоць долю праўды? Ці можна верыць старым паданьням і трымацца іх, жывучы ў сучаснай эўрапейскай краіне?

Якой справай будзе займацца сівавалосы франтаваты пракурор у апошняй кнізе трылёгіі, я пакуль ня ведаю. Але ўсё ж спадзяюся аднойчы прачытаць пра гэта па-беларуску.

У сваіх інтэрвію Зыгмунт Мілашэўскі падкрэсьлівае, што добра разумее розьніцу паміж сур’ёзнай літаратурай і жанравай. Дэтэктыўная, крымінальная літаратура, на яго думку, мусіць найперш забаўляць. І кнігі пра расьсьледаваньні пракурора Шацкага, безумоўна, гэта робяць. Аднак іх папулярнасьць сярод чытачоў і крытыкаў ва ўсім сьвеце ў многім зьвязаная ня толькі з займальным сюжэтам, але і з тым, што аўтар не баіцца крытычна, а месцамі і іранічна брацца за нязручныя і да канца не прагавораныя праблемы, зь якімі сутыкаецца сучаснае польскае грамадзтва, праблемамі, што дзякуючы даўнім гістарычным повязям будуць добра зразумелыя і ўдумлівым беларускім чытачам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG