Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагодні «экшн» з форуму Onliner.by аказаўся затрыманьнем актывістаў «Маладога фронту»


Фота карыстальніка форуму Onliner.by пад нікам matrixsjr
Фота карыстальніка форуму Onliner.by пад нікам matrixsjr

Карыстальнік форуму Onliner.by распавёў пра здарэньне ў Менску ў навагоднюю ноч.

А 23:10 31 сьнежня 2016 году на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Сурганава спынілася таксоўка, да яе падбеглі два чалавекі і селі ў машыну. За імі падбеглі яшчэ чацьвёра, перакрылі дарогу таксоўцы, выцягнулі двух мужчынаў з таксоўкі і кінулі іх на асфальт. З сустрэчнай паласы пад’ехала машына ДАІ. Чацьвёра дасталі кайданкі, пад’ехаў нейкі мікрааўтобус.

«Усё, як у кіно. Хоць такога экшну я нават на экране ня бачыў», — камэнтуе ўдзельнік форуму пад нікам matrixsjr.

Афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі пацьвердзіў Onliner.by, што гэта было затрыманьне, але заявіў, што «са зразумелых прычынаў ня можа агучыць падрабязнасьці, хто і зь якой прычыны праводзіў затрыманьне».

Выявілася, што затрымлівалі актывістаў «Маладога фронту» Арцёма Леўчанку і Паўла Пракаповіча — першы сам патэлефанаваў у рэдакцыю выданьня, калі даведаўся пра навіну.

«„Малады фронт“ тады заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу пад бела-чырвона-белымі сьцягамі. Мы якраз ехалі на гэтую акцыю. Ніхто не прадстаўляўся і не тлумачыў, за што нас затрымалі. Падбеглі да таксі, кінулі тварам на дарогу, заламалі рукі. Таксіст крычаў, бо не разумеў, што адбываецца — проста падбеглі людзі ў цывільным. Потым нас кінулі ў бус, людзі ў цывільным усё здымалі на відэа.

Мы зразумелі, што ўсё нармальна, калі нас прывезьлі ў Першамайскі РАУС. Там нам уручылі пратаколы за дробнае хуліганства і супраціў міліцыі, нібы мы крычалі, размахвалі рукамі, лаяліся матам і аказвалі супраціў, калі нас затрымлівалі. Па два пратаколы на кожнага. Адпусьцілі каля 5 гадзін раніцы».

Як сказаў Леўчанка Свабодзе, калі ён зьвярнуўся ў Onliner з прапановай распавесьці падрабязнасьці пра затрыманьне, адзін з рэдактараў аддзелу «Аўто» выслухаў гісторыю, выказаў спачуваньні і словы падтрымкі, але выбачыўся: маўляў, Onliner не закранае палітыкі, мы, хутчэй за ўсё, ня зможам пра гэта напісаць.

Тым ня менш у артыкуле Onliner пазьней зьявілася прыпіска пра тое, што актывіст «Маладога фронту» паведаміў, што затрымлівалі яго зь сябрам, і што яны лічаць затрыманьне неправамерным. Леўчанка кажа Свабодзе, што «хацелася б болей, але гэта лепш, чым нічога».

Праз факт затрыманьня Леўчанку і Пракаповіча яшчэ не выклікалі ў суд. Леўчанка пытаў аўтара аповеду на форуме Onliner, ці мае той запіс затрыманьня. Але карыстальнік адказаў:

«Хлопцы, калі вас так затрымліваюць, то відэазапіс вам не дапаможа. Удачы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG