Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Menu.by ахвяравала курсам «Мова нанова» 6 тысяч рублёў


Моўныя курсы для дзяцей «Мова нанова»
Моўныя курсы для дзяцей «Мова нанова»

Заснавальнік службы дастаўкі ежы зь менскіх кавярняў і рэстаранаў Menu.by з Армэніі Ваган Керабян вырашыў падтрымаць курсы «Мова нанова».

Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», камэнтуючы вынікі конкурсу «Адметныя», якія ладзілі супольна Citydog.by і Samsung Belarus.

У праекце «Адметныя» бралі ўдзел пасьпяховыя прадпрымальнікі, які робяць свой бізнэс па-беларуску. Перамогу і прыз у 6000 рублёў ад арганізатараў атрымала крама патрыятычных тавараў Symbal.by.

У галасаваньні ў інтэрнэце служба Menu.by заняла трэцяе месца, «Мова нанова» не ўвайшла ў тройку пераможцаў.

Ваган Керабян
Ваган Керабян

«Пра армянаў кажуць, што мы сьціплы народ, які працуе з раніцы да ночы, які шмат разоў білі за апошнія 3000 гадоў, але які сілай сваёй веры і МОВЫ змог выжыць і захаваў сваю самабытнасьць. Для нас армянская мова — гэта гарантыя выжываньня і разьвіцьця! У Беларусі мне стала вельмі крыўдна за беларусаў: мала хто ведае мову, а штодня на ёй размаўляе зусім мала людзей. І я быў уражаны Глебам Лабадзенкам і курсамі „Мова нанова“ — гэта агмень захаваньня і разьвіцьця мовы. У выпадку перамогі мы плянавалі перадаць прыз ім. Але нашая „параза“ ў конкурсе не перашкода, так што мы вырашылі падарыць суму, роўную суме прыза — 6000 рублёў — на працу і на разьвіцьцё курсаў „Мова нанова“! Такая вось маленькая падтрымка ад братняга армянскага народу», — напісаў Ваган Керабян.

У сваю чаргу Глеб Лабадзенка адзначыў, што гэта «неверагодны жэст»:

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

«Неверагодны жэст ад Вагана Керабяна і сайту Menu.by. Я вельмі крануты і дзякую ад імя курсаў „Мова нанова“! Большасьці беларускіх кампаніяў і бізнэсоўцаў расьці і расьці да падобных жэстаў».

Сайт Menu.by працуе пакуль толькі месяц, дастаўка наладжаная з сарака кавярняў і рэстаранаў. Сайт і мабільная праграма працуюць на трох мовах: расейскай, беларускай і ангельскай.

«Я быў вельмі зьдзіўлены, калі даведаўся, што беларуская мова не асноўная ў вашай краіне», — так патлумачыў Ваган Керабян тое, што хоча весьці бізнэс у тым ліку па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG