Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску смог, але не такі моцны, як у Варшаве


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Устойлівы пах гару, на які скардзяцца менчукі, тлумачыцца тым, што ў гэтыя дні колькасьць шкодных рэчываў у атмасфэрным паветры Менску перавышае гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі ў 2-2,5 раза.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на начальніцу інфармацыйна-аналітычнага аддзелу маніторынгу атмасфэрнага паветра Гідрамэту Багдану Казярук.

«У нас склаліся вельмі неспрыяльныя мэтэаўмовы: пасьля моцнага паўночнага ветру, які забясьпечыў добрую якасьць паветра на сьвяты, у мінулыя суткі ўсталяваўся штыль і назіраюцца прыземныя інвэрсіі. Гэта прыводзіць да таго, што з ускраін сталіцы паступае забруджанае паветра», — сказала Казярук.

Яна патлумачыла, што жыхары Менскага раёну ў сувязі з халодным надвор’ем інтэнсіўна ацяпляюць свае дамы. Пячны дым праз тое, што за горадам больш нізкія тэмпэратуры, «ўцягваецца ў Менск».

«І першым гэта адчуў мікрараён Уручча», — дадала спэцыялістка.

Мэтэаролягі разьлічваюць, што смог у Менску зьнікне да чацьвярга, 12 студзеня.

«Чакаецца зьмена сынаптычнага становішча, узмацненьне ветру, і гэтая зьява зьнікне, паветра ачысьціцца», — прагназуе начальніца аддзелу.

Тым часам сталіца Польшчы Варшава пакутуе ад зімовага смогу. У Польшчы паляць вугалем, у выніку ў марозныя дні дым ад прыватнага сэктару ў Варшаве прывёў да рэкорднага ўзроўню забруджваньня паветра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG