Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фабрыка спартовага абутку «Белкельме» накіравала ў суд дакумэнты аб банкруцтве


Фабрыка спартовага абутку «Белкельме» падала ў суд дакумэнты аб сваёй эканамічнай неплацежаздольнасьці. Адпаведная інфармацыя разьмешчаная на афіцыйным сайце Адзінага дзяржаўнага рэестру зьвестак аб банкруцтве, паведамляе БЕЛТА.

Рашэньне было прынятае на агульным сходзе акцыянэраў 24 кастрычніка 2016 году.

Чаму фабрыка спартовага абутку заняпала?

У канцы 2015 году Камітэт дзяржкантролю правёў праверку на «Белкельме», у выніку якой было выяўлена, што склады забітыя прадукцыяй. У дачыненьні да дырэктара фабрыкі і яго намесьніка былі заведзеныя справы паводле артыкула 237 Крымінальнага кодэксу — выманьваньне крэдытаў.

Кантралёры выявілі, што, каб атрымаць крэдыты, з фабрыкі ў банк накіроўвалася несапраўдная інфармацыя. Кіраўнікоў прадпрыемства пакаралі мінімальным штрафам — па 300 базавых велічыняў (6300 дэнамінаваных рублёў).

Пры тым, што склады «Белкельме» былі забітыя ўласнай прадукцыяй, арганізацыя займалася продажам кітайскага абутку. Фабрыка разьвівала сваю ўласную гандлёвую сетку, мела 13 фірмовых крамаў у розных гарадах Беларусі. Але праверка Дзяржкантролю выявіла, што частку фінансавых стратаў фірме наносіла менавіта гэтая гандлёвая сетка.

Беларуска-гішпанскае прадпрыемства «Белкельме» было ўтворанае ў сярэдзіне 90-х гадоў і пазыцыянавала сябе як «вядучы ў Беларусі вытворца абутку для актыўнага адпачынку і заняткаў спортам». Цяпер былое «Белкельме» ўвойдзе ў холдынг «Марко», а 235 рабочых абяцаюць працаўладкаваць на «Вэрдымар».

XS
SM
MD
LG