Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура запатрабавала ад Менгарвыканкаму змагацца з карупцыяй


Генэральная пракуратура Беларусі паводле вынікаў праверкі ў Менгарвыканкаме выявіла «адсутнасьць з боку кіраўніцтва прадпрыемства належнай каардынацыі дзейнасьці ў супрацьдзеяньні карупцыі, а таксама наяўныя недахопы і недагляды ў працы ў гэтым кірунку», перадае БелаПАН.

Камісія процідзеяньня карупцыі фармуецца неадпаведна вызначанаму парадку, за 2016 год правяла толькі чатыры пасяджэньні, не ўзаемадзейнічала зь іншымі органамі і не вяла ўлік карупцыйных злачынстваў і правапарушэньняў. Яе праца носіць «фармальны характар», робіць выснову Генпракуратура.

Таксама праверка выявіла «факты безгаспадарнасьці, адсутнасьці належнага кантролю за захоўваньнем і рацыянальным выкарыстаньнем матэрыяльных рэсурсаў, грашовых сродкаў, у тым ліку пры выдачы пазыкаў працаўнікам» (выдаваліся без дакумэнтаў аб прызначэньні, аднойчы пазыку на будаўніцтва выдалі супрацоўніцы, якая не лічылася ў сьпісе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў). Былі і парушэньні ў тэрмінах плацяжоў у долевым будаўніцтве, іншыя сыстэматычныя парушэньні.

Пры гэтым у даччыных структурах Менгарвыканкаму летась былі крымінальныя справы, зьвязаныя з карупцыяй, у прыватнасьці ва ўпраўленьнях капітальнага будаўніцтва Фрунзэнскага і Першамайскага раёнаў Менску. Але прычыны і ўмовы, што прывялі да крымінальнага перасьледу супрацоўнікаў, камісія не разглядала, захадаў дзеля недапушчэньня далейшых парушэньняў не рабіла.

Генпракуратура запатрабавала ад Менгарвыканкаму наступнае: упарадкаваць працэдуры выдачы пазыкаў прадпрыемства, кантролю за іх мэтавым выкарыстаньнем, падачай справаздач аб выкарыстаньні пазыковых сродкаў, вызначыўшы адказных за гэта асобаў; арганізаваць належную працу ў прафіляктыцы карупцыйных правапарушэньняў і ўстанавіць кантроль за выкананьнем патрабаваньняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, а таксама ўпарадкаваць працу кадравай службы і камісіі супрацьдзеяньня карупцыі; разгледзець пытаньне аб прыцягненьні да дысцыплінарнай адказнасьці службовых асобаў УКБ Менгарвыканкаму, вінаватых у неналежнай арганізацыі працы супрацьдзеяньня карупцыі, выдачы пазыкаў і ўчыненьню правапарушэньняў, што ствараюць умовы для карупцыі; прывесьці лякальныя нарматыўныя акты прадпрыемства ў адпаведнасьць з дзейным заканадаўствам; спагнаць неабгрунтавана атрыманыя грашовыя сродкі па пазыках, адсоткі за іх карыстаньне і пені за парушэньне тэрмінаў выкананьня абавязаньняў паводле дамоваў долевага будаўніцтва жытла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG