Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: Беларусам ня трэба польскамоўная тэлевізія


У інтэрвію польскай газэце Rzeczpospolita беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч назвала «недальнабачным» рашэньне польскага ўраду абмежаваць датацыю для беларускамоўнага тэлеканалу Белсат.

«Такім чынам Беларусь застанецца без адзінай незалежнай тэлевізіі. І то ў абставінах, калі Расея праяўляе сваю агрэсію і гэтая агрэсія будзе мець працяг» — сказала пісьменьніца.

Адказваючы на просьбу пракамэнтаваць выказваньне міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага пра тое, што Белсат падтрымліваюць усяго «пяцёра» беларускіх і польскіх інтэлектуалаў, Алексіевіч сказала:

«Я ўспрымаю гэта як непавагу да Беларусі і як адсутнасьць ведаў пра нашу краіну. Ня ведаю, хто ў яго ў дарадцах і адкуль ён бярэ інфармацыю. У нас шмат інтэлектуалаў і вельмі вялікая група людзей культуры, але ня ўсе яны выступаюць публічна».

Адносна заўвагі міністра Вашчыкоўскага, што беларусы навучацца польскай мове, каб глядзець канал TVP Polonia, Алексіевіч адзначыла:

«Гэтым ён выказаў непавагу для беларусаў. Гэтак жа сама можна сказаць, што польскі міністар ня ведае беларускай мовы і няхай навучыцца. Што гэта за размова?»

Пра пэрспэктыву ўключэньня TVP Polonia ў кабэльныя сеткі распаўсюду ў Беларусі нобэлеўская ляўрэатка выказалася наступным чынам:

«Гэтая ідэя скончыцца паразай. У Палёніі будзе нават менш гледачоў, чым у Белсату. Вялікая праблема ў тым, каб намовіць беларусаў глядзець тэлебачаньне на роднай мове, а што казаць пра польскую мову. Я адчуваю празьмерную нацыянальную заклапочанасьць вашых палітычных элітаў. Ня ведаю, магчыма, справа тут у тым, каб пашыраць польскі ўплыў. Такая тэлевізія тут не патрэбная. Яе будзе глядзець невялікая група людзей, у лепшым выпадку католікі з заходняй Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG