Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэалягічны аддзел Віцебскага гарвыканкаму абурыўся, убачыўшы жарт пра тое, што нельга залазіць на навагоднюю ялінку


Так выглядала віцебская ялінка — 2010
Так выглядала віцебская ялінка — 2010

Пра тое, што нельга «апранаць бел-чырвона-белае» і залазіць на ялінку на плошчы Перамогі, а таксама — што вітаць Дзеда Мароза і Сьнягурку можна толькі дзяржаўнымі сымбалямі і атрыбутыкай, распрацаванай для гэтых мэтаў гарвыканкамам, было напісана на сайце «Народныя навіны Віцебска» ў артыкуле пра арганізацыю сьвяткаваньняў каля галоўнай гарадзкой ялінкі.

Аддзел ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму назваў гэта «несапраўднай інфармацыяй», якая «дыскрэдытуе мясцовыя органы ўлады перад жыхарамі і гасьцямі Віцебску». І папярэдзіў, што гэта можа стаць «падставай для стасаваньня нормаў адказнасьці згодна зь дзейным заканадаўствам у галіне сродкаў масавай інфармацыі да ўладальніка інфармацыйнага рэсурсу».

Паводле рэдактара і заснавальніка сайту «ННВ» Сяргея Серабра, у артыкуле «Лайфхак: Как встретить Новый год под главной елкой Витебска и не попасть в милицию», пераказваецца інфармацыя, разьмешчаная на сайце ўправы МУС Віцебскага аблвыканкаму.

Міліцыя там папярэджвала грамадзян, што падчас масавых захадаў падыходы да галоўнай гарадзкой ялінкі абсталююць перасоўнымі пунктамі пропуску з мэталашукальнікамі, і супрацоўнікі міліцыі не прапусьцяць на сьвяткаваньні асобаў у нецьвярозым стане, са зброяй або яе муляжамі, а таксама піратэхнікай. Адзін з пунктаў правілаў, якія павінны выконвацца грамадзянамі падчас імпрэзаў агульнагарадзкога маштабу, — гэта забарона «карыстацца сьцягамі, вымпэламі, эмблемамі, сымбалямі, плякатамі і транспарантамі, за выключэньнем Дзяржаўных сымбаляў і атрыбутыкі, распрацаванай для гэтых мэтаў Віцебскім гарвыканкамам».

Гэты пункт зьявіўся ў шэрагу забаронаў пасьля таго, як 7 студзеня 2010 году сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка вывесіў на віцебскай гарадзкой ялінцы бел-чырвона-белы сьцяг http://www.svaboda.org/a/1927671.html, узьлезшы на самую яе вершаліну. За гэты ўчынак яго асудзілі на 3 гады ўмоўна, а потым далі 2 гады і 1 месяц пазбаўленьня волі. У калёніі Каваленка ня раз абвяшчаў галадоўкі пратэсту.

Пра гэты выпадак тут жа згадалі наведнікі сайту «Народныя навіны Віцебска», пакінуўшы адпаведныя камэнтары.

Дарэчы, сваё незадавальненьне фразай з артыкулу невядомы прадстаўнік ідэалягічнага аддзелу таксама выказаў у камэнтарах пад тэкстам. На думку Сяргея Серабра, гэта можна лічыць афіцыйным меркаваньнем, бо камэнтар быў адпраўлены з сапраўднага электроннага адрасу аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі.

Спадар Серабро запытаўся ў апанэнтаў, ці ня лічаць яны інфармацыю для гараджан на міліцэйскім сайце таксама непраўдзівай і ці ня можна было «на навагодніх захадах у Віцебску выкарыстоўваць дзяржаўную сымболіку Рэспублікі Беларусі ўзору 1991 году, напрыклад — бел-чырвона-белы сьцяг?»

Адказу ад ідэалягічнага аддзелу пакуль што няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG