Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь просіць Украіну экстрадаваць былога супрацоўніка Ашмянскай мытні


"Каменны лог"

Беларусь зьвярнулася да Ўкраіны па экстрадыцыю 41-гадовага беларускага грамадзяніна Дзьмітрыя Ляканца, былога інспэктара апэратыўнага аддзелу № 4 мытнага пункту «Каменны Лог» Ашмянскай мытні, для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці.

Дзьмітры Ляканец быў затрыманы ўкраінскімі памежнікамі на падставе адпаведнага запыту беларускіх праваахоўных органаў праз Інтэрпол летась 1 кастрычніка на кантрольна-прапускным пункце «Платонавае» (Адэская вобласьць) падчас ягонай спробы выехаць у Прыднястроўе.

Беларускія праваахоўныя органы абвінавачваюць былога мытніка ва ўхіленьні ад выплаты мытных плацяжоў у буйным памеры, зробленым групаю асобаў паводле папярэдняй змовы з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў з карысьлівай зацікаўленасьці, а таксама ў атрыманьні хабараў у вялікіх памерах за выкананьне пэўных службовых дзеяньняў на працягу 2002-2004 гадоў.

Адзін з раённых судоў Адэсы 4 лістапада 2016 года ўхваліў рашэньне пра экстрадыцыйны арышт Дзьмітрыя Ляканца.

У часе экстрадыцыйнай праверкі суд выявіў, што былы беларускі мытнік не зьвяртаўся да кампэтэнтных органаў Украіны для атрыманьня статусу ўцекача, дазволу на іміграцыю ці па дадатковую абарону ўкраінскай дзяржавы.

Зараз Дзьмітры Ляканец утрымліваецца ў Адэскім СІЗА.

Згодна з украінскім заканадаўствам, экстрадыцыйны арышт выкарыстоўваецца да вырашэньня пытаньня аб выдачы асобы і яго фактычнай перадачы, але ня можа працягвацца больш за дванаццаць месяцаў. На працягу гэтага тэрміну ня менш аднаго разу ў два месяцы суд правярае наяўнасьць падстаў для далейшага ўтрыманьня асобы пад вартай або для яе вызваленьня.

XS
SM
MD
LG