Міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Паўтарак заявіў у інтэрвію ўкраінскаму «Пятаму каналу», што цягам 2016 году прарасейскія баевікі на Данбасе парушылі «рэжым цішыні», прыняты ў межах менскіх пагадненьняў, больш як 16 тысяч разоў.
Паводле заяў міністра, за 2016 год загінулі 211 вайскоўцаў Узброеных сілаў Украіны, паўтары тысячы атрымалі раненьні.
На Данбасе, заяўляе Паўтарак, знаходзяцца каля 40 тысячаў удзельнікаў незаконных узброеных фармаваньняў, у ліку якіх 5 тысяч вайскоўцаў рэгулярнай арміі Расеі, 600 танкаў, 1300 баявых машын, 760 артылерыйскіх машын, 300 сыстэм залпавага агню.
Яшчэ ў кастрычніку Паўтарак казаў, што «якія заўгодна дамоўленасьці з агрэсарам ня вартыя нават паперы, на якой яны падпісаныя».
У 2016 годзе Свабода апублікавала амаль два дзясяткі эксклюзіўных матэрыялаў, прысьвечаных беларусам, якія паехалі ваяваць на Данбас на баку сэпаратыстаў.
Некаторыя зь іх вярнуліся ў Беларусь, але ніводзін не панёс крымінальнай адказнасьці, прадугледжанай у тым ліку нядаўнімі папраўкамі ў заканадаўства.