Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік выбаркаму Гамбіі зьбег з краіны пасьля перамогі апазыцыянэра


Старшыня выбарчай камісіі Гамбіі Алье Мамар Ньяі, які абвясьціў пра перамогу апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 1 сьнежня 2016 года, вымушаны быў зьбегчы з краіны пасьля пагрозаў, паведамілі агенцтву Reuters сваякі і калегі.

Кіраўнік выбарчай камісіі зьнік крыху больш чым за два тыдні да інаўгурацыі новага прэзыдэнта краіны Адамы Бароў, і нікому невядома, дзе ён знаходзіцца.

Ньяі абвясьціў пра перамогу Бароў на наступны дзень пасьля падвядзеньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Пацярпелы паразу Яя Джамэ спачатку сказаў, што ня будзе аспрэчваць перамогу апазыцыянэра, але праз два тыдні перадумаў і заявіў, што выбары былі сфальсыфікаваныя.

Яя Джамэ ўзначальвае Гамбію з 1994 года. Ён прыйшоў да ўлады ва ўзросьце 29 гадоў у выніку бяскроўнага перавароту. Ваенная хунта пад кіраўніцтвам Джамэ адмяніла канстытуцыю і ўвяла камэнданцкую гадзіну. Два гады арганізатары перавароту кіравалі краінай без усялякіх абмежаваньняў. Толькі пад ціскам міжнароднай грамадзкасьці Джамэ правёў выбары і рэфэрэндум аб новай канстытуцыі. У 1996 годзе ён афіцыйна стаў прэзыдэнтам. У 2001 і 2006 гадах Джамэ таксама выйграваў выбары.

Пасьля заявы Джамэ, што ён не пакіне ўладу, узброеныя сілы Эканамічнай супольнасьці заходнеафрыканскіх дзяржаў былі прыведзены ў баявую гатоўнасьць. Дзеючы прэзыдэнт Гамбіі назваў гэта рашэньне «абвяшчэньнем вайны».

У мінулыя выходныя служба дзяржаўнай бясьпекі Гамбіі закрыла тры прыватныя радыёстанцыі, разьмешчаныя непадалёку ад сталіцы дзяржавы Банджуле.

Яя Джамэ праславіўся дзякуючы эксцэнтрычным заявам. Напрыклад, у 2007 годзе ён заявіў, што адкрыў лекі ад СЬНІДу: пацыенту нібыта дастаткова тры дні ўціраць спэцыяльную мазь, прыгатаваную з траў. Поўны склад лекаў невядомы, прэзыдэнт сказаў, што ў яго ўваходзяць лісьце банана і арахіса. Прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, якія асуджалі мэтодыку лячэньня, улады Гамбіі выслалі з краіны.

У 2009 годзе Джамэ вырашыў выгнаць з краіны ўсіх геяў, паабяцаўшы, што ўрад прыме законы «больш жорсткія, чым у Іране», а ўсім гомасэксуалістам і лесьбіянкам «адрэжуць галавы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG