Інстытут сучаснай гісторыі ў Мюнхэне заявіў, што каля 85 тысяч асобнікаў новай анатаванай вэрсіі антысэміцкага маніфэста нацысцкага лідэра цалкам разышліся з моманту выхаду ў сьвет у студзені мінулага году. Паводле ацэнкі гісторыкаў, выданьне ўзбагаціла дыскусію аб уздыме «аўтарытарных палітычных поглядаў» у сучасным заходнім грамадзтве.
Нягледзячы на тое, што першапачаткова плянавалася апублікаваць толькі 4000 копій, наклад быў адразу павялічаны з-за вялікага попыту. Шосты наклад зьявіцца ў кніжных крамах у канцы студзеня. Кніга знаходзілася ў сьпісе бэстсэлераў не мастацкай літаратуры па вэрсіі штотыднёвіка Der Spiegel на працягу большай часткі мінулага года, і нават узначальвала сьпіс на працягу двух тыдняў у красавіку.
На думку дырэктара Інстытута сучаснай гісторыі Андрэаса Віршынга, страхі адносна таго, што, што публікацыя будзе спрыяць ідэалёгіі Гітлера або нават зробіць яе сацыяльна прымальнай, а таксама дасьць нэанацыстам новую прапагандысцкую плятформу, — не апраўдаліся.
«Наадварот, спрэчкі пра сьветапогляд Гітлера і яго падыход да прапаганды далі магчымасьць зірнуць на прычыны і наступствы таталітарных ідэалёгій, у той час як аўтарытарныя палітычныя погляды і правыя лёзунгі атрымліваюць усё большае распаўсюджваньне», — падкрэсьліў гісторык.
Інстытут заявіў, што дадзеныя, сабраныя пра пакупнікоў у рэгіянальных кнігарнях, паказваюць, што яны, як правіла, «чытачы, зацікаўленыя ў палітыцы і гісторыі, а таксама пэдагогіцы», а не «рэакцыянэры або правыя радыкалы».
Тым не менш, інстытут будзе выконваць абмежавальную палітыку ў дачыненьні да міжнародных правоў на выданьне. На дадзены момант плянуюцца выданьні толькі на ангельскай і францускай мовах, нягледзячы на значную цікавасьць з боку многіх краінаў.
У Mein Kampf апісваецца ідэалёгія Гітлера, якая стала асновай нацызму. Ён напісаў кнігу ў 1924 годзе, у той час як сядзеў у турме ў Баварыі за здраду пасьля няўдалага Піўнога путчу. У кнізе выкладзеныя дзьве ідэі, якія ён увасобіў на практыцы: захоп суседніх краінаў для заваёвы «жыцьцёвай прасторы» для немцаў, а таксама нянавісьць да габрэяў, якая прывяла да Галакосту.
У Нямеччыне пры нацызьме было апублікавана 12,4 мільёна асобнікаў, а з 1936 года ў Трэцім Рэйху копія «Майн Кампф» уручалася ўсім маладым у якасьці вясельнага падарунка.