Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі разоў натыкаўся ў Горадні на групкі літоўскамоўных грамадзян. Хадзілі ад крамы да крамы, зазіралі ў аптэкі, часам у кавярню.

Ты хоць мільён рускіх прывязі, не адчуеш, што турысты, як мае быць, замежныя горадам зацікавіліся. А калі гучыць мова іншая, то адразу весялей робіцца. Значыць, бязьвізавы турызм сапраўды зрушыўся. Нагадаю: можна пяць дзён знаходзіцца ў абласным горадзе і на Аўгустоўскім канале — непадалёк ад яго.

У студзені начальства будзе рапартаваць самаму галоўнаму аб выніках першых двух месяцаў. Якія гэта вынікі? За першы месяц наведалася больш за васемсот замежных грамадзян, за два — «каля дзьвюх тысяч». Большасьць — зь Літвы. Хто яны? Ці задумвалася начальства? Вельмі верагодна — свае, беларусы, хто жыве ў Друскеніках ці ў Вільні. Ці яны турысты, ці проста наведнікі? Сваякоў і родных мясьцін?

У кожным разе пазытыў ёсьць. Літоўскую мову ў ранейшыя часы ў Горадні можна было пачуць даволі рэгулярна. А потым як абрэзала. Ці высьвятляла начальства: чаму літоўцам перастала падабацца Горадня? Сумняваюся. Ня выключана: краіна стала выглядаць змрочна, непрывабна для жыхароў дэмакратычнай Літоўскай Рэспублікі. Міліцэйскія патрулі палявалі на «крамолу», маглі запыніць, напрыклад, за значак зь дзяржаўным гербам Літвы, рыцарам на кані. А каму такое спадабаецца, якому турысту, нават калі ён прыбыў на шопінг?

А ў чым канфуз, спытаюцца ў мяне? У тым, што людзі, хто рыхтаваў бязьвізавы дазвол, ніколі не былі ў Горадні і нават паленаваліся прагугліць. Так сьпяшаліся даць на подпіс дакумэнт, што не ўключылі чыгуначны вакзал, «паўночна-заходнюю браму рэспублікі». Самае зручнае паляку сесьці ў цягнік у Кракаве ці затым у Варшаве, Беластоку і напрасткі трапіць у Горадню на пяць дзён. Нельга! Прыезд цягніком не прадугледжаны.

А раз нельга, але вельмі пажадана, то мясцовае начальства будзе дакладаць вышэйшаму ў дыпляматычнай форме: у выглядзе прапановы «падлучыць» чыгуначны вакзал да сыстэмы бязьвізавага праезду.

Той, хто рыхтаваў дакумэнт, не дадумаўся, што абавязаны сесьці ў маршрутку і праехаць з Горадні ў Беласток і назад, каб адчуць — што гэта такое. Бо патэнцыйна ахвотны ўбачыць Горадню бязь візы паляк хутчэй за ўсё вымушаны будзе рабіць у Беластоку перасадку, а язда не цягніком, а маршруткай можа стаць непрыемнай працэдурай. Супрацоўнік адной зь фірмаў, што возяць палякаў-«бязьвізьнікаў», расказаў мне, што на самым пачатку першыя польскія турысты трапілі ў дрэнны час. На нашай мяжы ўчынілі грос-праверку. З сабакамі. Вельмі дбайна правяралі, як ён сказаў, кожныя трусы ў торбах. Людзі «захраснулі» тады на мяжы на тры-чатыры гадзіны. Ну якому турысту такое спадабаецца, нават калі візу можна не купляць? Ніякай Горадні не захочаш.

Па выніках двух месяцаў начальства нечакана робіць даволі скептычныя высновы. Гатэляў не хапае, аказваецца, а наяўныя нібыта далёкія ад эўрапейскіх стандартаў. Музэяў, кажа, мала. З кармёжкай таксама ня вэры: праблемы зь якасьцю і разнастайнасьцю. Няма шыльдаў і шыльдачак на замежных мовах.

Што рабіць? Як палепшыць? Рэцэпт даволі трывіяльны. Аказваецца, трэба надрукаваць мэню на чатырох мовах: расейскай, ангельскай, польскай і літоўскай. З чаго можна зрабіць выснову: начальству невядома, на якой мове мэню надрукаванае сёньня. Адкрыю сакрэт: на расейскай. Прычым «сплошь и рядом». Хіба што існуе спэцыяльная мова для «русо туристо облико морале», на якой будуць друкаваць мэню ў будучыні.

Ёсьць у начальства таксама іншыя думкі. Напрыклад. Навучыць міліцыянтаў інглішу. Думка нядрэнная. Але што з гэтага выйдзе?

Хаця накірунак на ўязны турызм, зразумела, вельмі слушны. Але крокі пакуль, трэба прызнаць, даволі сьціплыя. Казахстан вунь, адмяніў візы адразу для жыхароў 37 самых вядомых краін.

Аб чым варожыць вулічны маг? «Любіць-ня любіць?» А, можа, —ці стане Горадня «турыстычнай Вільняй» Беларусі?
Аб чым варожыць вулічны маг? «Любіць-ня любіць?» А, можа, —ці стане Горадня «турыстычнай Вільняй» Беларусі?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG