Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка фактычна саступіў, але з захаваньнем твару», — Класкоўскі пра падпісаньне Мытнага кодэксу


Аляксандар Класкоўскі

Ухваленьне Аляксандрам Лукашэнкам праекту дамовы аб Мытным кодэксе Эўразійскага эканамічнага саюзу можна лічыць прымірэнчым жэстам у адносінах з Масквой.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

«Лукашэнка падпісаў праект кодэксу, але падпісаў з агаворкай — маўляў, гэта толькі аснова для далейшых перамоваў. Гэта фактычна саступка, але з захаваньнем твару. Права далейшых перамоў перадаецца Дзяржаўнаму мытнаму камітэту, і там яшчэ ёсьць фармулёўка, што можна ўносіць у дакумэнт непрынцыповыя зьмены. Такім чынам відавочна, што празь нейкі час гэты дакумэнт будзе ўсё ж падпісаны, але тое, што перад Новым годам такі сыгнал пасланы Крамлю — гэта прымірэнчы жэст, які паказвае, што Менск усё ж настроены шукаць кампрамісы і ў пытаньні Мытнага кодэксу, і наогул у пытаньні ўсяго комплексу супярэчнасьцяў», — кажа ён.

Класкоўскі разам з тым адзначае, што ўхваленьне Мытнага кодэксу ня значыць, што супрацьстаяньне Масквы і Менску вычарпанае.

«Можа быць усякае. Лукашэнка пакідае сабе поле для пэўнага манэўру. Мне тут згадваецца такая паралель, як некалі цягнуў Менск з пытаньнем аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Тады права вывучыць гэтае пытаньне было перададзенае Палаце прадстаўнікоў. Дэпутаты рабілі выгляд, што вывучаюць пытаньне, а афіцыйны лідэр рабіў выгляд, што наш парлямэнт настолькі ўжо самастойны, што ім ніяк не пакамандуеш. У выніку цягнулі, цягнулі і пахавалі пытаньне аб прызнаньні самаабвешчаных рэспублік. Так і ў пытаньні Мытнага кодэксу: калі зусім кепска пойдуць перамовы найперш наконт нафты і газу, то таксама можа быць ужытая тактыка зацягваньня.

Але я думаю, што гэтыя „заклятыя хаўрусьнікі“, Менск і Масква, яны асуджаныя на нейкі кампраміс, бо немагчыма ўявіць сабе, што Беларусь увогуле выходзіць з ЭАЭС і АДКБ — тых структураў, саміты якіх Лукашэнка 26 сьнежня праігнараваў. Жэсты жэстамі, але беларускі кіраўнік выдатна разумее, што гэта тыя „чырвоныя рысы“, якія пераходзіць нельга, каб не наклікаць вялікую бяду. Таму будзе нейкі кампраміс. Іншая рэч, што кампраміс гэты будзе вельмі хісткім і выбухова небясьпечным, бо ў саму матрыцу беларуска-расейскіх дачыненьняў закладзеныя антаганістычныя супярэчнасьці: Масква так ці інакш хоча за свае субсыдыі кантраляваць палітыку Менску, а Лукашэнка хоча мець ільготы і пры гэтым пазьбегнуць вонкавага кантролю над ягонай палітыкай», — падкрэсьлівае палітычны аналітык.

Новая рэдакцыя Мытнага кодэксу Эўразійскага эканамічнага саюзу была падпісаная 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэньні найвышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады. Подпіс пад гэтым дакумэнтам паставілі кіраўнікі Расеі, Казахстану, Армэніі і Кіргізстану.

Аляксандар Лукашэнка не прыехаў на саміт зь невядомых прычынаў. Як патлумачыў прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў, «усе дакумэнты былі цалкам узгодненыя раней, падчас калегіі зь беларускімі партнэрамі, і будуць накіраваныя ў Менск, каб Аляксандар Рыгоравіч змог іх там падпісаць».

Сёньня стала вядома, што 28 сьнежня Аляксандар Лукашэнка ўхваліў праект дамовы аб Мытным кодэксе Эўразійскага эканамічнага саюзу ў якасьці асновы для правядзеньня перамоваў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG