Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гараскоп Свабоды: Літаратуразнаўца Аляксандар Фядута піша пра надзеі і прагнозы на 2017 год


Аляксандар Фядута

Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на наступны год.

Скарпіён – Аляксандар Фядута, палітоляг, літаратуразнаўца

Што чакае ў Новым годзе Скарпіёнаў?

Шмат сонца і гарачага пяску пад нагамі, па якім, на жаль, будзе цяжка бегаць.

Няшмат ежы і вады, бо надыходзячы год будзе гарачым і сухім. Трэба будзе старанна ўхіляцца ад тых, хто захоча вас дзеўбануць і зьесьці.

Зразумела, усё, што будзе адбывацца з вамі, паўплывае на вас вельмі моцна. Будзе шмат яду і жаданьня выплюхнуць свае эмоцыі на тых, хто атачае вас. Але ж як гэта зрабіць, не кусаючы нікога, ня крыўдзячы, не прычыняючы болю? Трэба быць вельмі абачлівым, хаваць сваё джала, каб не параніць тых, хто побач і каго насамрэч вы вельмі любіце. Я разумею гэта, бо я і сам — Скарпіён.

Менавіта таму ад імя і на даручэньне ўсіх Скарпіёнаў я жадаю вам:

хай сонца сагравае вас, але ж не апякае;
хай усім хопіць ежы і вады, і ніхто ня ведае голаду і холаду і не пакутуе, гледзячы на лічбы ў рахунках за камунальныя паслугі;
хай кожны з нас пазьбегне небясьпекі і не дазволіць сябе зьесьці, якім бы моцным ня быў вораг.

І галоўнае нарэшце — няхай душэўны спакой суправаджае кожнага, каб не было месца яду ў нашых адносінах зь іншымі людзьмі, асабліва — з каханымі.

А калі ўсё ж такі будуць нейкія цяжкасьці, памятайце: мы, Скарпіёны, здольныя вынесьці любыя выпрабаваньні, якія нас толькі загартоўваюць!

XS
SM
MD
LG