Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гараскоп Свабоды: Паэт Усевалад Сьцебурака піша пра надзеі і прагнозы на 2017 год


Усевалад Сьцебурака

Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на наступны год.

Рак – Усевалад Сьцебурака, паэт, шоўмэн

Уся існасьць Ракаў рашуча супрацьстаіць складаньню якіх бы там ні было прагнозаў, бо прагнозы — гэта шмат у чым проста летуценьні і фантазіі. Прагноз — гэта дапушчэньні розных нечаканасьцяў і зьбегу абставінаў, гэта спадзеў на «можа быць» і «раптам» — то бок як раз тое, чаго Ракі трываць ня могуць, а таму сабе не дазваляюць, а ў іншых не прымаюць.

Гэта ўсё ня значыць, што Ракі пазбаўленыя думак пра высокае, мы марым, вядома. Але мары Ракаў простыя і таму часам нават збываюцца! У гэтым Ракі нікому не прызнаюцца і робяць выгляд, што і ў іх усё кепска. Многія Ракі так шчыруюць у гэтым, што робяцца ныцікамі і занудамі. Паступова яны забываюцца, што пачаткова гэта было толькі маскаваньне, і ператвараюцца ў самых страшных энэргетычных вампіраў, якія гвалцяць усё жывое навокал.

Ракі прыземленыя, канкрэтныя і пэдантычныя, яны прывыклі не хапаць зорак зь неба, але цьвёрда стаяць на ўсіх сваіх Богам дадзеных канцавінах.

Сьвет Ракаў таксама не складаны. У цэнтры яго вайсковая дактрына — не паварочвацца да небясьпекі сьпінай. Трэ гартаваць клюшні як сродак абароны сваёй дупы, за якой утульная норка, куды пабочным уваход забаронены. Трэба дадаць, што беларускі Рак абараняецца нават тады, калі яго ніхто ня кратае. Адбіваючы няісныя атакі, наш Рак можа заўчасна стаміцца і прапусьціць рэальны наступ.

У вольны ад ныцьця час Ракі любяць папакутаваць. Маладыя Ракі — ад улюбёнасьцяў і закаханасьцяў, сталыя — ад непрызнанасьцяў і недаацэненасьцяў. Гэта кшталту хобі, таму лячыць і шкадаваць Ракаў супрацьпаказана!

Ад чаго Ракі дакладна не пакутуюць — гэта ад самоты. Раку камфортна ў адзіноце, больш правільна нават сказаць — не ў адзіноце, а ў быцьці з сабой сам-насам. Самадастатковасьць і гермэтычнасьць у спалучэньні з інтэлектам часам выдаюць на мудрасьць, але сьціплыя Ракі зноў-такі ў гэтым сваім шчасьці не прызнаюцца і далучаюцца да натоўпу, каб не насьцярожваць астатніх.

Наагул Ракі добрыя рабяты, што да сям’і ды хаты — факт вядомы. Нават схільнасьць ператварэньня ў хатніх дыктатараў — гэта дробязь у параўнаньні з тым, як Рак парадкуе ды вядзе гаспадарку!

Што да пажаданьняў, то мне хацелася б, каб у 2017 усе пабылі трошкі Ракамі і заняліся ўпартай абаронай свайго — норкі, хаткі, гораду і краіны ўрэшце. Як паказаў прамінулы гадок — ніхто, апроч нас, ратаваць Сінявокую ня будзе.

Вельмі хацелася б, каб беларусы пачалі сталець і пачалі разьлічваць на сябе. Хацелася б, каб мы былі не рэкардсмэнамі ў атрыманьні шэнгенаў, а лідэрамі ў стварэньні эўрапейскай прасторы вакол сябе. Каб нарэшце азірнуліся і зразумелі, што трэ парадчыць бацькаўшчыну, а не цягацца па бессэнсоўных псэўдаадукацыйных праграмках фондаў з доўгімі назвамі і няўцямнымі мэтамі, млеючы ад шчасьця, што па дарозе ўдалося ад душы пастаяць у натоўпе замежнага гіпэру ў пошуку зьніжкі.

Яшчэ нам трэ пакаяцца ў наступным годзе. За 1917 і 37-ы... інакш мы ніколі ня выберамся з гэтага абрыдлага Чырвонага нават ня дня, а стагодзьдзя сурка, то бок саўка! А з гэтым трэ заканчваць. Даўно... Але я зноў пра сумнае, вы ж чакаеце сьвяточнага і вясёлага. Ну, тады з Новым 2017-м! З надыходзячым! І да сустрэчы ў ім!

Глядзець камэнтары (1)

XS
SM
MD
LG