Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога студэнта, які забіў жанчыну ў «Новай Эўропе», будуць судзіць паводле чатырох артыкулаў


Крымінальная справа былога студэнта накіраваная ў суд.

Канчаткова 17-гадоваму юнаку выстаўленае абвінавачаньне ў забойстве з асаблівай жорсткасьцю, у рыхтаваньні да забойства, спробе забойства і хуліганстве. Сьледзтва ў справе завершанае, паведаміў кіраўнік прэсавай службы Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч. Паводле Сяргея Кабаковіча, затрыманы падлетак прызнае́ сваю віну.

8 кастрычніка 17-гадовы хлопец, якога адлічылі з інстытуту за пропускі заняткаў без паважнай прычыны, зайшоў у гандлёвы цэнтар «Новая Эўропа» з уключанай бэнзапілой і сякерай. Спачатку малады чалавек лёгка параніў жанчыну, якая ад яго ўцякла. Тады пілой нанёс цяжкія траўмы жанчыне 1973 году нараджэньня і дабіў яе сякерай. Пры спробе ўцячы з гандлёвага цэнтру нападнік быў затрыманы працаўнікамі цэнтру і наведнікамі ды перададзены міліцыянтам. На сьледзтве тлумачыў свае дзеяньні тым, што расчараваўся ў сабе, у чалавецтве і хацеў забіць як мага больш людзей, каб у выніку яго таксама забілі.

Абвінавачаньне складаецца таксама з эпізоду, які адбыўся днём раней, 7 кастрычніка. Тады малады чалавек прыйшоў з бэнзапілой у адну з ВНУ, дзе таксама меў намер забіць як мага больш людзей, але піла заглухла, а перазапусьціць інструмэнт ён ня змог. Паводле сьледзтва, у той момант юнак быў у стане алькагольнага апʼяненьня, што павялічвае ягоную віну.

Комплексная экспэртыза прыйшла да высновы, што юнак разумеў, што рабіў, калі забіваў жанчыну ў «Новай Эўропе» і калі днём раней спрабаваў напасьці на студэнтаў. Экспэрты лічаць, што ён у стане адказваць за свае дзеяньні перад судом. Між тым вядома, што за 2 гады да здарэньня хлопец лячыўся ў псыхіятрычным дыспансэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG