Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарыф на транзыт расейскай нафты будзе падвышаны на 7,7%. Беларусь хацела больш


Тарыф на транспартаваньне нафты з Расеі беларускім ААТ «Гомельтранснафта Дружба» будзе падвышаны ў 2017 годзе на 7,7% замест раней запытаных 20,5% і прапанаваных кампаніяй «Транснефть» 5,8%.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на начальніка ўпраўленьня паліўна-энэргетычнага комплексу Фэдэральнай антыманапольнай службы Расеі Дзьмітрыя Махоніна.

«Мы палічылі неабгрунтаваным іх падвышэньне на 20,5%», — сказаў ён. У адпаведнасьці з мэтодыкай, паводле Махоніна, тарыф будзе падвышаны на «інфляцыю плюс 3%, то бок 7,7%».

Раней ААТ «Полацактранснафта Дружба» пагадзілася з прапановай расейскай кампаніі павялічыць тарыф на транспарт нафты з РФ на 11,76% у 2017 годзе замест 20,5%.

Новы тарыф павінен набыць моц 1 лютага.

Як стала вядома раней, расейская «Транснефть» палічыла абгрунтаваным рост тарыфаў на дзьве галіны найбуйнейшага магістральнага нафтаправоду «Дружба», які праходзіць па тэрыторыі Беларусі, але ў значна меншым памеры, чым прапаноўваў беларускі бок.

Беларусь зьбіралася павысіць тарыфы на транзыт расейскай нафты яшчэ сёлета. Дакумэнт аб падвышэньні тарыфаў у сярэднім на 50% павінен быў набыць моц 11 кастрычніка, аднак напярэдадні, 10 кастрычніка, віцэ-прэмʼер Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў аб адмене падвышэньня тарыфаў на транзыт у абмен на аднаўленьне абʼёмаў паставак нафты з Расеі.

XS
SM
MD
LG