Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы просты шлях атрымаць дастатковую колькасьць вітаміну D


Калі мы размаўляем з пацыентам сталага ўзросту, то вельмі часта на пытаньне «Што ў Вас баліць?» атрымліваем адказ «Баліць усё».

Апошнія гады такі фэномэн зьвязваюць зь недахопам у арганізьме вітаміну D, які цяпер расцэньваецца як новы гармон, што рэгулюе значную колькасьць функцый арганізму, у тым ліку адчувальнасьць да болю і ўзроставыя зьмены ў дзейнасьці мышц.

Вітамін D вырабляецца ў скуры чалавека пад уплывам сонечнага сьвятла, прычым гэта адбываецца ў вясеньне-летні пэрыяд (на тэрыторыі Беларусі зь сярэдзіны траўня па сярэдзіну верасьня), узімку сонечнай актыўнасьці ў нашых геаграфічных шыротах недастатковы для сынтэзу вітаміну D. Такім чынам, цёплы сэзон у Беларусі, калі нікуды не зьяжджаць, трэба скарыстоўваць, у тым ліку, для папаўненьня запасаў вітаміну D. Скура пачынае ўспрымаць сонечныя промні нават тады, калі неба закрытае аблокамі, што ня так рэдка сустракаецца пры капрызным і няўстойлівым беларускім надвор’і.

У сталых людзей досыць часта назіраецца недахоп вітаміну D, узровень якога можна падняць шляхам вельмі простай працэдуры — на працягу лета, асабліва гараджанам, трэба як мага болей знаходзіцца на вуліцы, нават у пахмурнае надвор’е, прытым для таго, каб скура ўспрымала карысныя сонечныя промні, трэба каб былі аголены рукі і ногі. Гэта ў вялікай ступені тычыцца людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, якія вельмі рэдка бываюць на сьвежым летнім паветры.

Мы часта назіралі, што пасьля лета, калі павышаецца ўзровень вітаміну D, сталыя людзі значна меней скардзяцца на дрэнны стан здароўя і ўвогуле больш аптымістычна настроеныя. Цяпер гэтаму зьявілася навуковае абгрунтаваньне — карыснае ўзьдзеяньне сонечных промняў, нават з-за хмар, праз павышэньне ўзроўню вітаміну D.

Парада: летам як мага болей бывайце на сьвежым паветры, нават у воблачнае надвор’е, з аголенымі рукамі, нагамі, падстаўляйце твар сонейку — адначасова вы назапашваеце на ўвесь год неабходную колькасьць вітаміну D.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG