Лінкі ўнівэрсальнага доступу

39-гадовы забойца ўласных дзяцей асуджаны да сьмяротнага пакараньня


Кірыл Казачок

Жыхару Мазыру Кірылу Казачку вынесены сьмяротны прысуд. Ён прызнаны вінаватым у забойстве ўласных дзяцей — 9-гадовую Кіру і 17-гадовага Ўладзіслава.

Як перадае БелаПАН, прысуд быў абвешчаны 28 сьнежня падчас выязнога пасяджэньня Гомельскага абласнога суду ў Мазыры. Судовыя слуханьні праходзілі ў закрытым рэжыме.

Забойства 9-гадовай Кіры і 17-гадовага Ўлада адбылося 31 студзеня 2016 году. Па падазрэньні ў забойстве быў затрыманы іх бацька, які сам паведаміў у міліцыю пра злачынства.

Пасьля забойства Кірыл Казачок прыехаў на здымную кватэру жонкі, дзе яна жыла са старэйшым сынам і сужыцелем, і расказаў ёй пра ўчыненае. Патэлефанаваў у міліцыю і скінуўся з балькона чацьвёртага паверху, але застаўся жывы. Доўгі час абвінавачваны правёў у шпіталі — у яго былі пашкоджаньні пазваночніка і ног. Канцэнтрацыя сьпірту ў крыві мужчыны ў той вечар склала 2,36 праміле.

Паводле дадзеных экспэртызы, абвінавачаны ў момант злачынства мог у поўнай меры ўсьведамляць значэньне сваіх дзеяньняў і кіраваць імі.

Як сьцьвярджае сьледзтва, жыхар Мазыру ўчыніў злачынства з пачуцьця помсты сваёй жонцы, якая намагалася скасаваць зь ім паўторны шлюб (раней яны ўжо разводзіліся, а затым зноў заключылі шлюб) і жыць асобна. У кастрычніку 2015 году жанчына падала дакумэнты на развод.

Жудасная трагедыя здарылася сёлета 31 студзеня. Бацька, не задаволены працэсам скасаваньня шлюбу, зайшоў у пакой, дзе сын сядзеў каля кампутара, стукнуў яго малатком па галаве й задушыў. Тое ж ён зрабіў і з дачкою.

Пасьля забойства Кірыл паехаў на кватэру жонкі, якая жыла асобна са старэйшым сынам, і ўжо там паспрабаваў зьвесьці рахункі з жыцьцём — выкінуўся з чацьвёртага паверху, пакалечыўся, але застаўся жывы.

Пазьней, на жалобнай службе па Кіры і Ўладзіславу, мазырскі сьвятар так сказаў пра іхнага бацьку:

«Ён, дзетазабойца, хацеў сысьці з жыцьця, але Госпад не прыняў яго. Яму належыць жыць з гэтым заўсёды, зь пячаткай Каіна, дзетазабойцы».

Выглядае, не давядзецца. Паводле экспэртаў, Казачок у момант злачынства мог цалкам усьведамляць значэньне сваіх дзеяньняў і кіраваць імі. Злачынства ўчынена з пачуцьця помсты жонцы.

Судовыя паседжаньні вяліся ў закрытым рэжыме, але некаторыя сьведкі заяўлялі СМІ, што бацька ў сваіх дачыненьнях з жонкаю Насьцяю маніпуляваў дзецьмі, пагражаў расправай, калі яна ня вернецца да яго. Самой Насьці таксама даставалася. Летась у кастрычніку Насьця афіцыйна падала дакумэнты на развод.

Вырак сьмяротнага прысуду Кірылу Казачку можа быць абскарджаны, на яго можа быць таксама прынесены пратэст.

XS
SM
MD
LG