Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прадпрымальніцтва ў нас коціцца пад адхон», — у Гомелі камэнтуюць павелічэньне стаўкі адзінага падатку


Дэпутаты абласных, а таксама Менскага гарадзкога саветаў на сваіх сэсіях вырашылі павялічыць стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў — у сярэднім на 12 адсоткаў.

Гомельскі абласны савет падняў стаўкі платнікам адзінага падатку на 12,6 адсотка. Рашэньне набывае моц 1 студзеня 2017 году.

Старшыня рады прадпрымальнікаў Гомельскага гандлёвага цэнтру «Сакрэт» Натальля Дасько кажа, што індывідуальных прадпрымальнікаў як платнікаў адзінага падатку проста даціскаюць:

«Ня толькі ж стаўкі падвысілі, але й санкцыі за дробныя парушэньні сталі больш жорсткімі — максымальна. Апроч таго, з прадпрымальнікаў ня зьнятая адказнасьць за суправаджальныя дакумэнты, якія выдаюць нам у той жа Расеі пры набыцьці тавару. Увёўшы ўказ № 222 у дзеяньне без аніякіх паправак і зьменаў, кіраўніцтва дзяржавы прадпрымальнікаў так і не пачула. Прадпрымальніцтва ў нас коціцца пад адхон».

Падвышэньне ставак прынята на падставе зьменаў і дапаўненьняў, унесеных у Падатковы кодэкс Беларусі.

Адначасова некаторыя саветы прадугледзелі паніжальны каэфіцыент 0,5 да стаўкі адзінага падатку на асобныя віды дзейнасьці для малых гарадоў і сельскай мясцовасьці. Але бальшыню дробных бізнэсоўцаў такая ільгота не закране. У Гомельскай вобласьці, у прыватнасьці, на паніжальны каэфіцыент ня могуць прэтэндаваць прадпрымальнікі пяці найбуйнешых гарадоў, дзе пражывае большасьць насельніцтва — самога Гомеля, а таксама Жлобіна, Мазыра, Рэчыцы й Сьветлагорску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG