Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды-маразы на інвалідных вазках далучыліся да афіцыйнага шэсьця


Акцыя мела на мэце прыцягнуць увагу да праблемаў людзей зь інваліднасьцю і праверыць, наколькі горад прыстасаваны для агульнага сьвята.

Калядкі, раздача цукерак і ўлётак з мэтамі акцыі, віншаваньні са сьвятамі – усё гэта пачалося яшчэ зь першых хвілінаў. За час акцыі ўдзельнікі пасьпелі пратэставаць менскае мэтро.

ВІДЭА: Дзяды-маразы на інвалідных вазках ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:15 0:00

Каб спусьціцца на станцыю “Парк Чалюскінцаў”, спатрэбілася дапамога міліцыянтаў. Дарэчы, сёлета ўсе супрацоўнікі праваахоўных органаў былі надзвычай ветлівыя і аказвалі дапамогу.

У цягніку сьпявалі калядкі. Людзі рэагавалі па-рознаму, але вельмі часта прапаноўвалі грошы, альбо пыталіся “каму грошы перадаць”. Адна з удзельніц акцыі Вольга сказала, што грошы ёй прапануюць вельмі часта проста на вуліцы, і яна навучылася ставіцца да гэтага спакойна.

На выхадзе на станцыі “Кастрычніцкая” дапамога не спатрэбілася, бо там ёсьць адмысловы ліфт для інвалідаў, якім скарысталіся па чарзе.

На Кастрычніцкай плошчы падчас каляднага кірмашу незвычайных дзядоў-маразоў абступілі дзеці. Вазкоў яны зусім не заўважалі, але з ахвотай распавядалі вершы і дзяліліся сваімі жаданьнямі.

Другі тэст здарыўся, калі ўдзельнікі паспрабавалі наведаць грамадзкую прыбіральню ў цэнтры Менску. Спусьціцца туды было немагчыма, тады ўсе людзі на вазках выстраіліся ў чаргу перад прыбіральняй з плякатамі “Я хачу ў туалет”. Чалавеку з асаблівымі патрэбамі ў кожным горадзе трэба ведаць, якой прыбіральняй ён можа скарыстацца. І прыбіральняў такіх надзвычай мала нават у Менску.

Калі ўдзельнікі акцыі дабраліся да месца правядзеньня афіцыйнага параду, высьветлілася, што арганізатары дазваляюць ім удзельнічаць. Праўда, спачатку прапанавалі ім усім не ісьці ў калёне, а паехаць аўтобусам. Ад такой прапановы яны адмовіліся.

Разам зь дзядамі-маразамі і снегурачкамі з розных раёнаў Менску асаблівыя дзяды-маразы прайшлі па праспэкце Незалежнасьці. “Калядным цудам" назвала гэта адна з арганізатарак акцыі Марыя Бяльковіч.

«З дапамогай магіі Каляднага цуду і сілы сучаснага мастацтва мы хочам прыцягнуць максымальную ўвагу да праблемы ізаляцыі 545 500 тысяч людзей», — заявілі арганізатары.

Жывое відэа з акцыі (поўны запіс):

Fortinbras — тэатральная лябараторыя пры Беларускім свабодным тэатры.

«Як часта мы бачым невідушчых людзей ці людзей з абмежаванымі магчымасьцямі зроку на вуліцах гораду? Чалавека з праблемамі руху ці абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі? Ці бачым мы іх увогуле? Калі мы зусім не сустракаем іх, ці гэта азначае, што людзей з інваліднасьцю няма ў Менску?», — піша Fortinbras у прэс-рэлізе.

Летась людзям у вазках забаранілі ўдзельнічаць у парадзе Дзядоў Маразоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG