Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра ў Менску пройдзе «Калядны фэст» сярэднявечнай і фольк-музыкі



Штогадовы фэст сярэднявечнай і фольк-музыкі адбудзецца 25 сьнежня ў менскім клюбе Re: Public. У імпрэзе возьмуць удзел лепшыя калектывы этна-стылю — «Палац», «Стары Ольса», «Гістрыён», Znich, Irdorath, Trollwald, Vuraj.

Паводле арганізатараў, кожны калектыў падрыхтаваў сюрпрызы для сваіх прыхільнікаў — ад прэм’ерных паказаў да замалёвак на калядную тэму. Гэта мусіць ня толькі падкрэсьліць атмасфэру сьвята, але і «перакінуць мост паміж гісторыяй і сёньняшнім днём».

Лідэр гурту «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі адзначыў, што гурт на «Калядным фэсьце» выканае ўрачыстыя кампазыцыі, некалькі кавэр-вэрсій рок-клясыкі, а таксама некаторыя рэлігійныя кампазыцыі. Гэтаксама ён паабяцаў «шмат сярэднявечных танцаў».

«Палац» рыхтуе да каляднай імпрэзы песьні ў электроннай аранжыроўцы, будзе і прэм’ера.

«На фоне нашых калегаў, якія будуць граць акустычныя ці нават фольк-мэталічныя рэчы, хацелася б зьвярнуць увагу на фальклор, зьвязаны з сынтэзатарнымі і сэмплернымі тэхналёгіямі. Для нас гэта крыху важна, бо, як мы лічым, фальклор будзе актыўна разьвівацца якраз у гэтым напрамку, — кажа лідэр «Палацу» і распачынальнік «Каляднага фэсту» Алег Хаменка.

Лідэр гурту Znich Алесь Таболіч распавёў, што сёлета ягоная каманда зробіць нешта такое, «чаго не было ў мінулым годзе».

«Гэта адзін з наймацнейшых зімовых фэстаў. Я яго параўноўваю з „Купальскім колам“, на які таксама зьбіраецца шмат прадстаўнікоў альтэрнатыўнай, фолькавай і мэталічнай тусоўкі, і які прысьвечаны дню сонцастаяньня», — сказаў Алесь Таболіч. На яго перакананьне, людзі любяць наведваць і «Калядны фэст», і «Купальскае кола» менавіта таму, што гэтыя сьвяты найбольш блізкія беларусам па духу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG