Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марын Лё Пэн вінаваціць у праблемах зь бясьпекай Шэнгенскую зону і абяцае скасаваць яе

Марын Лё Пэн
Марын Лё Пэн

Лідэр францускай ультраправай партыі «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн, якая балятуецца на выбарах прэзыдэнта Францыі ў 2017 годзе, абвінаваціла прынцып свабоднага перамяшчэньня па Шэнгенскай зоне ў праблемах зь бясьпекай у Эўропе.

Паводле Лё Пэн, адсутнасьць нацыянальных межаў прывяла да таго, што ісламіст, падазраваны ў тэракце на калядным кірмашы ў Бэрліне, перасек некалькі эўрапейскіх краін перш, чым быў злоўлены. У выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах яна абяцала вывесьці Францыю з Шэнгенскага пагадненьня.

Лё Пэн падтрымаў лідэр брытанскай ультраправай Партыі незалежнасьці Злучанага Каралеўства (UKIP) Найджэл Фараж. Ён заявіў, што адкрытыя межы ўяўляюць небясьпеку для жыхароў Эўропы.

Выбары прэзыдэнта Францыі пройдуць увесну 2017 году. Нядаўнія сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што Лё Пэн удасца прайсьці ў другі тур. Нягледзячы на тое, што яе апанэнт — лідэр францускіх «рэспубліканцаў» Франсуа Фіён — мае значную перавагу, экспэрты не выключаюць, што Лё Пэн набярэ значную колькасьць галасоў.

XS
SM
MD
LG