Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз біятляністаў Расіі адмовіўся ад правядзеньня этапу Кубку сьвету ў Цюмені у 2017 годзе


Саюз біятляністаў Расіі (СБР) адмовіўся ад правядзеньня этапу Кубку сьвету ў Цюмені, які меўся прайсьці 9-12 сакавіка 2017 году, і юнацкага чэмпіянату сьвету 2017 году ў Востраве. Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе Міжнароднага саюзу біятляністаў (IBU).

Раней пра сваё рашэньне байкатаваць цюменскі этап Кубку сьвету паведамілі біятляністы Нарвэгіі, Чэхіі і Вялікабрытаніі.

15 сьнежня IBU абвясьціў пра атрыманьне ад Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА) сьпісу з імёнамі 31 расейскага біятляніста з дакладу Рычарда Макларэна, якія падазраюцца ва ўжываньні забароненых рэчываў. Пазьней паведамлялася, што гэта можа стаць прычынай пераносу спаборніцтваў па біятлёне з Расеі. Выканкам IBU правёў пасяджэньне ў гэтым пытаньні ў чацьвер.

«Сёньня СБР праінфармаваў IBU, што адмовіўся ад правядзеньня юнацкага чэмпіянату сьвету 2017 году ў Востраве і восьмага этапу Кубку сьвету-2017 у Цюмені. Новыя месцы правядзеньня гэтых турніраў будуць вызначаны пазьней», — гаворыцца ў паведамленьні.

XS
SM
MD
LG