Сырыйскія ўрадавыя войскі афіцыйна абвясьцілі аб вызваленьні Алепа, усходняя частка якога доўгі час знаходзілася пад кантролем паўстанцаў, паведамляе Бі-Бі-Сі.
«Камандаваньне сырыйскай арміі абвяшчае аб вяртаньні міру і бясьпекі ў горад Алепа», — гаворыцца ў заяве камандаваньня сырыйскай арміі.
Вайскоўцы сьцьвярджаюць, што ўсходнюю частку гораду пакінулі апошнія паўстанцы і мірныя жыхары, так што цяпер кантроль над ім адноўлены цалкам.
У сваёй заяве сырыйская армія называе ўзяцьце Алепа «стратэгічным пераломам у барацьбе з тэрарызмам».
Апэрацыя па эвакуацыі паўстанцаў і цывільнага насельніцтва ўсходняга Алепа пачалася 15 сьнежня. Яе арганізацыяй займалася Расея, узгадняючы свае дзеяньні з Турцыяй.
У панядзелак, 19 верасьня, Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю, якая павінна забясьпечыць маніторынг выкананьня правоў чалавека ў Алепа. Расея гэтую рэзалюцыю падтрымала.
Раней прадстаўнікі ААН паведамлялі аб магчымых расправах над мірнымі жыхарамі, якія маглі ўчыніць праўрадавыя войскі, калі ім удалося захапіць ўсходні Алепа пасля двух гадоў аблогі.
Акрамя таго, заходнія краіны і СМІ абвінавачвалі расейскую і сырыйскую авіяцыю ў непераборлівым ўжываньні зброі, якое прыводзіла да гібелі мірных жыхароў. Сырыйскія і расейскія ўлады называлі такія паведамленьні фальсыфікацыямі.