Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая хваля антыкарупцыйных справаў


Што стаіць за арыштамі службовых асобаў чатырох буйных прадпрыемстваў? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: 19 сьнежня прэсавая служба камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі паведаміла пра затрымку службовых асобаў чатырох буйных прадпрыемстваў Менскага трактарнага заводу, Менскага аўтазаводу, «БелАЗу» і «Гомсельмашу».

Паводле КДБ прадстаўнікі кіраўніцтва і работнікі прадпрыемстваў машынабудаўнічага комплексу за незаконныя грашовыя выплаты ад камэрцыйных структураў забясьпечвалі прасоўваньне прадукцыі апошніх. З 2013 году за прыём сыравіны і камплектаваньня з элемэнтамі браку, выдачу фіктыўных заключэньняў аб якасьці, за атрыманьне зьвестак аб пэрспэктыўных распрацоўках ім перададзена хабару на суму ня менш як 200 тысяч даляраў.

Цікава тое, што звычайным хабарам займаецца КДБ, а не міліцыя ці Сьледчы камітэт. Прычым, адначасова затрыманы супрацоўнікі чатырох буйных заводаў. Незразумела, ці яны праходзяць па адной справе, атрымоўвалі хабар ад тых самых фірмаў, ці гэта розныя справы і толькі прэсавая служба КДБ аб’яднала іх у адну.

І зноў жа, паводле паведамленьняў, хабар яны атрымоўвалі за розныя рэчы. Адна справа, браць хабар за пакупку няякаснай сыравіны і камплектуючых. Гэта называецца «адкат». Іншая справа — хабар за атрыманьне зьвестак аб пэрспэктыўных распрацоўках. Гэта называецца «прамысловы шпіянаж».

Тут узьнікае важнае пытаньне: чаму ўвогуле магчыма атрыманьне хабару за пакупку няякаснай сыравіны і камплектуючых ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на сусьветных рынках. То бок, атрымоўваецца, што ўся сыстэма працы, тэхналягічны ланцужок не арыентаваны на якасьць прадукцыі. Падаецца, гэта магчыма толькі на дзяржаўных прадпрыемствах, дзе ўсім усё роўна, які будзе вынік вытворчасьці. Ці магчыма такое на прыватных прадпрыемствах?

Трэба нагадаць, што ў 2015 годзе адбылася адмысловая нарада ў Аляксандра Лукашэнкі. Падставай была скарга дырэктара Менскага трактарнага заводу Фёдара Дамаценкі, які зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб абароне ад сілавікоў і кантралёраў. Лукашэнка, адкрываючы нараду заявіў: «Я запрасіў сюды сілавікоў для таго, каб разабрацца, у чым супрацьдзеяньне ў працы МТЗ з боку пракуратуры, МУС, КДБ, КДК». Зьвярніце ўвагу, трактарны завод атакавалі адразу чатыры праваахоўныя органы. Разборка закончылася тым, што пасьля дэталёвага разбору выявілася: сілавыя структуры і кантралёры маюць рацыю.

Тут мы выходзім на больш шырокую праблему. Гіпэртрафаваная роля кантралюючых органаў — неабходны элемэнт створанай у краіне сацыяльнай мадэлі з дамінаваньнем дзяржаўнага сэктару эканомікі. Бязь іх яна існаваць ня можа. Ва ўмовах слабых эканамічных стымулаў у гаспадарцы сыстэма комплекснага кантролю павінна падтрымліваць працаздольнасьць і жыцьцядзейнасьць дзяржаўных прадпрыемстваў, прымусіць працаваць эканоміку.

У нармальнай рынкавай сыстэме кантроль КДБ за працай прамысловых прадпрыемстваў непатрэбны.

Без іх шчыраваньня сыстэма развалілася б, загразла ва ўсеагульнай карупцыі. Бо калі адсутнічае пернік, то патрэбен моцны бізун. Інакш сыстэма працаваць ня будзе. Таму ў краіне дзейнічае каля паўтара дзясятка структур з кантрольнай функцыяй. У нармальнай рынкавай сыстэме кантроль КДБ за працай прамысловых прадпрыемстваў непатрэбны. А ў існай сыстэме ён неабходны элемэнт.

Дракахруст: Тое, што КДБ аб’яднала гэтыя чатыры справы, можа мець дзьве трактоўкі. Адна — сапраўды гэтыя людзі пэўным чынам паміж сабой зьвязаныя, ці то яны мелі справу з аднымі пастаўнікамі, ці нешта іншае. Хоць менавіта пра гэта КДБ не гаворыць.

Зь іншага боку, ня выключана, што яны ніяк і не зьвязаныя наўпрост абставінамі крымінальнай справы, і гэта больш цікавы варыянт, бо гэта нагадвае нейкім чынам сталінскую справу «прампартыі», калі ў СССР прамыславікоў з самых розных прадпрыемстваў зьвялі ў адну крымінальную справу нейкай змовай супраць савецкай улады.

Выглядае, што аб’яднаньне чатырох справаў у адным паведамленьні — гэта элемэнт пэўнага піяру. Фігурантаў справаў прадстаўляюць грамадзтву як нейкую супольнасьць, нават калі паміж імі вялікай сувязі і няма.

Выглядае, што аб’яднаньне чатырох справаў у адным паведамленьні — гэта элемэнт пэўнага піяру.

Што да куплі няякаснай сыравіны, я не выключаю, што размова ішла сапраўды пра пэўныя парушэньні, але гэта ня значыць, што яны куплялі проста кепскую сыравіну, кепскія камплектуючыя, а можа проста крыху хімічылі (а можа не крыху), аднак у рэшце рэшт у вытворчасьці бываюць розныя абставіны, бываюць сытуацыі, калі можна скарыстаць і менш якасную сыравіну. Так што гэтая фармулёўка, што яны куплялі няякасную сыравіну, можа быць расстаўленьнем акцэнтаў.

А вось у чым звышзадача? Мне здаецца, што гэта менавіта кампанія. Магчыма, папярэджаньне іншым прамыславікам, патэнцыйным чальцам беларускай «прампартыі». Можа гэта зьвязана з сытуацыяй з занятасьцю на прадпрыемствах, можа — з праблемамі збыту. І вось улада празь сьледчыя органы «накручвае хвост», каб гэтыя прамыславікі былі больш дысцыплінаванымі, паслухмянымі, дасягалі больш, чым яны цяпер дасягаюць і ўвогуле могуць.

Цыганкоў: Нядаўна мы абмяркоўвалі нараду ў Аляксандра Лукашэнкі і ягоныя словы наконт таго, што трэба зьнізіць колькасьць праверак і правяраючых, што яны перашкаджаюць працы.

Хоць гэта не непасрэдная сувязь, але тут можа быць такі ланцужок. Адразу пасьля гэтых словаў Лукашэнкі ідуць арышты начальнікаў на прадпрыемствах. Такое ўражаньне, што беларускія сілавікі менавіта такім чынам адказалі на словы кіраўніка дзяржавы: маўляў, як можна скарачаць колькасьць праверак, кантралюючых і сілавых органаў і іх функцыі, калі глядзіце, што робіцца — паўсюль крадуць!

Сілавікі чарговы раз даказваюць сваю неабходнасьць, незаменнасьць.

Такім чынам, сілавікі чарговы раз даказваюць сваю неабходнасьць, незаменнасьць. Любое ведамства імкнецца даказаць сваю эфэктыўнасьць нейкімі дзеяньнямі, а якія дзеяньні ў КДБ? Гэта ў тым ліку моцны ўплыў на эканамічныя справы, ня толькі паляваньне на шпіёнаў, якія ў Беларусі дастаткова рэдка сустракаюцца. Так што эканоміка для КДБ — адна з галоўных сфэраў дзейнасьці, і гэтая справа яго кіраўніцтвам разглядаецца як пацьверджаньне сваёй неабходнасьці.

Ці магчымае атрыманьне хабару за пакупку няякаснай прадукцыі ва ўмовах рынкавай канкурэнцыі? Калі б прадпрыемства было прыватным і ў Беларусі быў сапраўдны канкурэнтны рынак, то гэта было б немагчыма. Вынікі вытворчасьці цікавяць перш за ўсё ўласьніка прадпрыемства, акцыянэраў, і той мэнэджэр, які закупіў няякаснае абсталяваньне, адразу б вылецеў з працы без усялякага ўмяшаньня сілавых органаў. Ніякі КДБ не патрэбны, каб сачыць за гэтым.

Яшчэ адна вэрсія — кансьпіралягічная: такім чынам ідзе падрыхтоўка да прыватызацыі гэтых прадпрыемстваў. Мне, шчыра кажучы, яна ўяўляецца ня вельмі пераканаўчай, але людзі, якія яе вылучаюць, дзейнічаюць па нейкай матрыцы, у тым ліку расейскай. Там часта бывалі выпадкі, калі з арыштаў кіраўнікоў прадпрыемстваў пачыналіся працэсы, якія ў выніку заканчваліся альбо банкруцтвам, альбо прыватызацыяй, альбо і тым, і тым — пераразьмеркаваньнем уласнасьці. Мне здаецца, у беларускіх умовах гэта не зусім адпавядае рэальнасьці, але тое, што такая схема ў пэўны час можа запрацаваць у Беларусі, я б не выключаў.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG