Паліцыя лічыць, што арыштаваны пакістанец ня быў выканаўцам нападу на калядным кірмашы ў Бэрліне, паведаміла нямецкае выданьне Die Welt са спасылкай на крыніцы ў службах бясьпекі.
Паводле Die Welt, сапраўдны нападнік усё яшчэ не затрыманы і мае зброю.
Пазьней кіраўнік бэрлінскай паліцыі на прэсавай канфэрэнцыі пацьвердзіў, што няма ўпэўненасьці ў тым, што затрыманы быў за стырном грузавіка, які ўехаў у натоўп на кірмашы ў Бэрліне ўвечары 19 сьнежня. Тады 12 чалавек загінулі, каля 50 былі параненыя.
Грузавік, душачы людзей і гандлёвыя шапікі, праехаў ад 50 да 80 мэтраў. У кабіне знаходзіліся два чалавекі. Адзін з іх, які сядзеў на пасажырскім месцы, знойдзены паліцыяй мёртвым. Кіроўца грузавіка выскачыў з машыны і паспрабаваў уцячы. Адзін з людзей, якія ўбачылі гэта, пачаў перасьледаваць яго і паведамляць каардынаты ў паліцыю. Меркаваны злачынец быў затрыманы паліцыяй прыкладна за два кілямэтры ад месца здарэньня. Але цяпер высьвятляецца, што арышт мог быць памылковым.
Як паведамляе «Нямецкая хваля», фура належала польскай фірме Ар'еля Жураўскага. Паводле ўласьніка фірмы, грузавік вёз сталёвыя канструкцыі з Італіі ў Бэрлін. За стырном меў быць стрыечны брат Жураўскага, аднак з 16 гадзін сувязь зь ім была страчаная.