Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя лідэры асуджаюць забойства расейскага амбасадара ў Турэччыне


Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны ды іншых краінаў, кіраўнікі міжнародных арганізацый выступі з асуджэньнем забойства расейскага амбасадара ў Турэччыне Андрэя Карлава.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей выказаў спачуваньні свайму расейскаму калегу Сяргею Лаўрову.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд асудзіў забойства расейскага амбасадара ў Турэччыне. «Прэзыдэнт Алянд рашуча асуджае забойства амбасадара Расеі ў Анкары», — гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным у афіцыйным «Твітэры» Елісейскага палацу.

«Я асуджаю забойства амбасадара Расеі ў Турэччыне. Мае спачуваньні ягонай сямʼі і расейскаму народу. Няма апраўданьняў такому агіднаму акту» — заявіў у Брусэлі генэральны сакратар НАТА Ёнс Столтэнбэрг.

«Мы выказваем блізкасьць і салідарнасьць РФ у сувязі з жахлівым забойствам амбасадара Карлава ў Анкары», — напісаў сёньня ў сваім «Твітэры» прэмʼер-міністар Італіі Паола Джэнтылоні.

Са словамі асуджэньня забойства расейскага амбасадара і спачуваньня ягонай сям’і выступіў старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц.

Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Турэччыне Андрэй Карлаў памёр ад раненьняў, атрыманых у выніку ўзброенага нападу ў Анкары.

Стральбу адкрыў мужчына, які пракраўся ў Галерэю сучаснага мастацтва ў Анкары, дзе праходзіць фотавыстава «Расея вачыма туркаў».

Паводле інфармацыі партала Haber Turk, амбасадараа забіў былы супрацоўнік паліцыі Анкары, які быў звольнены ў ходзе расьсьледаваньня спробы дзяржаўнага перавароту ў Турэччыне 15 ліпеня. Падчас нападу ён крычаў, што помсьціць за Сырыю і Алепа. Ён застрэлены паліцыяй.

Турэцкі тэлеканал NTV паведаміў, што падчас нападу былі параненыя яшчэ 3 чалавекі. 62-гадовы Андрэй Карлаў быў амбасадарам Расеі ў Анкары з 2013 году.

XS
SM
MD
LG