Яшчэ ў пачатку лістапада амэрыканцы даведаліся, што пасьля інаўгурацыі 20 студзеня Трамп увойдзе ў Белы дом у якасьці прэзыдэнта. Аднак вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША вызначаюцца не ўсеагульным галасаваньнем у нацыянальным маштабе, але вынікамі галасаваньня ў кожным зь 50 штатаў і сталіцы краіны, Вашынгтоне.
У кожным штаце пераможца звычайна атрымлівае галасы ўсіх членаў калегіі электараў ад дадзенага штата. Колькасьць электараў у штаце прапарцыйная колькасьці яго насельніцтва. Галасаваньне электараў – усяго іх 538 – пройдзе ў сталіцах штатаў.
Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі, былы дзяржсакратар Гілары Клінтан апынулася пераможцам па выніках усеагульнага галасаваньня, апярэдзіўшы Трампа амаль на 2,9 мільёна галасоў. Аднак рэспубліканец Дональд Трамп атрымаў перамогу там, дзе яна сапраўды была важная, і атрымаў у свой актыў 306 галасоў электараў, гэта значыць, істотна больш, чым 270 галасоў, неабходных для перамогі. Клінтан заручылася падтрымкай 232 электараў.
У большасьці выпадкаў галасаваньне ў калегіі электараў, па сутнасьці, ўяўляла сабой фармальнасьць. Але ў гэтым годзе сытуацыя іншая.
З-за амаль роўнай папулярнасьці кандыдатаў і вельмі жорсткай кампаніі, а таксама ўстойлівага непрыманьня перамогі Трампа многімі прыхільнікамі Клінтан, тысячы амэрыканцаў засыпаюць 306 рэспубліканскіх электараў лістамі і званкамі, патрабуючы, каб яны адмовіліся ад падтрымкі Трампа, прагаласаваўшы за Клінтан ці за іншага, больш прымальнага рэспубліканца. У тым малаімаверным выпадку, калі 37 электараў-рэспубліканцаў адмовяцца галасаваць за Трампа і ён не атрымае патрэбнай колькасьці галасоў, прэзыдэнта абярэ Палата прадстаўнікоў, якую кантралююць рэспубліканцы.
У нядзелю Трамп абрынуўся з крытыкай у Твітэры на тых, хто спрабуе супрацьстаяць яму.
«Калі б многія мае прыхільнікі дзейнічалі і пагражалі людзям як тыя, хто прайграў выбары, іх бы асуджалі і абзывалі страшнымі словамі!» – напісаў ён.
Калі б многія мае прыхільнікі дзейнічалі і пагражалі людзям як тыя, хто прайграў выбары, іх бы асуджалі і абзывалі страшнымі словамі!
У 29 штатах электары паводле закону абавязаны галасаваць за кандыдата, які перамог у іх штаце, а ў астатніх штатах электары часта кажуць, што адчуваюць маральную абавязак прагаласаваць так, як галасавалі электары іх штату.
Хоць большасьць амэрыканцаў выбіралі паміж Трампам і Клінтан, па сутнасьці, яны галасавалі за групы электараў, якія падтрымліваюць таго ці іншага кандыдата. Часьцяком электарамі зьяўляюцца палітычныя актывісты ад кожнага з штатаў. Так, муж Гілары Клінтан, экс-прэзыдэнт Біл Клінтан, зьяўляецца яе электарам у штаце Нью-Ёрк.
Яна перамагла зь вялікім адрывам у Каліфорніі і Нью-Ёрку, што дало ёй перавагу ва ўсеагульным галасаваньні.
Але Трамп атрымаў перамогу ў дастатковай колькасьці штатаў, часам – з невялікім адрывам, каб атрымаць большасьць у калегіі электараў і забясьпечыць сабе пасаду прэзыдэнта на найбліжэйшыя чатыры гады. Гэта будзе пяты выпадак у амэрыканскай гісторыі і другі за апошнія 16 гадоў, калі пераможца па выніках усеагульнага галасаваньня не атрымаў большасьці галасоў у калегіі электараў.
«Электары-адступнікі»
У гісторыі ЗША былі прэцэдэнты, калі асобныя электары галасавалі не за кандыдата, які перамог у іх штаце, а за іншага чалавека. Зрэшты, за ўсю гісторыю калегіі электараў, якая ўпершыню была выкарыстана ў 1789 годзе, такіх выпадкаў налічваецца ўсяго 157, прычым большасьць з іх – у пачатку XIX стагодзьдзя.
Амэрыканскія СМІ, прадстаўнікі якіх пагутарылі, па меншай меры, з некаторымі электарамі гэтага году, кажуць, што пераважная большасьць плянуе падтрымаць пераможцу ў сваім штаце. Вядомы толькі адзін рэспубліканскі выбаршчык, Крыс Супрун з Тэхаса, які заявіў, што ён ня будзе галасаваць за Трампа.
Аднак у інтэрвію «Голасу Амерыкі» Супрун заявіў, што ён будзе не адзіным электарам-адступнікам. «Мы працуем над тым, каб набраць неабходныя 37 галасоў, каб перадаць гэтае пытаньне на разгляд Палаты прадстаўнікоў», – сказаў ён.
Супрун адмовіўся паведаміць, за каго ён будзе галасаваць у панядзелак. Паводле яго словаў, Трамп «даказаў, што зьяўляецца дэмагогам», працягваючы атакі на людзей, якія крытыкуюць яго пасьля выбараў, – дакладна гэтак жа, як ён рабіў падчас перадвыбарчай кампаніі.
Некаторыя аналітыкі прагназуюць, што такіх адступнікаў, як Супрун, будзе больш, але да падліку галасоў электараў 6 студзеня казаць пра гэта з упэўненасьцю нельга.