Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: Рашэньне пра фінансаваньне «Белсату» яшчэ не прынятае


Рашэньне пра фінансаваньне тэлеканалу «Белсат» пакуль не прынятае, паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы.

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН​.

«У адказ на ваша пытаньне паведамляем, што рашэньне наконт фінансаваньня тэлеканалу „Белсат“ яшчэ не прынятае», — заявілі ў прэс-службе МЗС у адказ на просьбу БелаПАН пракамэнтаваць будучыню тэлеканалу.

Пра тое, што МЗС Польшчы скарачае на дзьве траціны фінансаваньне «Белсату», і пра магчымы перавод тэлеканалу на расейскую мову паведаміла 15 сьнежня польскаму выданьню Wpolityce дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўска-Гузы.

Яна назвала гэта «ліквідацыяй тэлеканалу». «Для нас скарачэньне фінансаваньня нават на 10% было б трагедыяй. Наша тэлебачаньне стала вельмі эканомным. Я казала падчас пасяджэньня парлямэнцкай камісіі, што наш бюджэт эквівалентны пяцідзённаму бюджэту Russia Today», — сказала Рамашэўска-Гузы.

Паводле дырэктара каналу, такое рашэньне стала для яе «поўнай нечаканасьцю». «Толькі сёньня я даведалася, што такі дакумэнт падрыхтаваны ў Міністэрстве замежных справаў. Праўда, дагэтуль не прадстаўлены афіцыйна, але з вартых даверу крыніцаў ведаю, што ён ужо ёсьць», — зазначыла Рамашэўска-Гузы.

У Беларусі гэтая інфармацыя выклікала вялікі рэзананс. Дэмакратычныя актывісты ўжо абвясьцілі пра намер арганізаваць кампанію ў падтрымку «Белсату». У найбліжэйшы панядзелак, 19 сьнежня, у офісе незалежнага прафсаюзу РЭП у Менску адбудзецца сустрэча грамадзкіх актывістаў і палітыкаў, на якой мяркуецца выпрацаваць плян дзеяньняў дзеля ратаваньня тэлеканалу. У сацыяльных сетках прапануюць накіроўваць у канцылярыю прэзыдэнта Польшчы, польскае МЗС і кіраўніцтву партыі «Права і справядлівасьць» лісты з заклікам не скарачаць падтрымку «Белсату» і не мяняць мову яго трансьляцыі.

Падчас візыту ў Менск у траўні сёлета дырэктарка «Белсату» распавяла БелаПАН, што тэлеканал ужо страціў больш за чвэрць агульнага аб’ёму фінансаваньня. «Мы страцілі фінансаваньне з Заходняй Эўропы. У нас было швэдзкае, нарвэскае, канадзкае фінансаваньне, цяпер гэтага няма. Пакуль невядома, як будзе выглядаць сытуацыя з агульным фінансаваньнем ад Эўразьвязу, бо пакуль няма рашэньня. Цяпер фінансаваньне „Белсату“ выключна польскае», — адзначыла Рамашэўска-Гузы.

Яна не выключала магчымасьці пераходу да частковага фінансаваньня тэлеканалу коштам гледачоў. На пытаньне, ці магчыма трансфармаваць «Белсат» у сапраўды грамадзкі тэлеканал, які фінансаваўся б ахвяраваньнямі гледачоў, Рамашэўска-Гузы адказала: «Мне здаецца, яшчэ трохі рана думаць пра гэта, хоць такую думку можна трымаць у галаве, гэта магчыма». Пры гэтым яна заўважыла, што забясьпечваць поўны цыкль працы каналу за сродкі беларускіх грамадзянаў наўрад ці магчыма, бо «зьбіраць з году ў год такое велізарнае фінансаваньне вельмі складана».

Спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» перадае на Беларусь з 10 сьнежня 2007 году. Ён створаны як структурнае падразьдзяленьне Польскага тэлебачаньня, рэдакцыя «Белсату» месьціцца ў Варшаве.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG