Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Дрыбіна запатрабаваў зьняць чырвоную зорку з каляднай ялінкі


Жыхар Дрыбіна запатрабаваў зьняць чырвоную зорку з гарадзкой каляднай ялінкі, аднак улады Дрыбінскага раёну ня бачаць палітычнай падаплёкі ў разьмяшчэньні такой зоркі.

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

«На галоўнай ялінцы Дрыбіна ўмацаваная не калядная зорка, а чырвоная, савецкая. Пад гэтай зоркай былі закатаваныя тысячы сьвятароў і разбураныя тысячы храмаў за савецкім часам. Да таго ж гэта блюзьнерства ў адносінах да сьветлай памяці мільёнаў нявінных ахвяраў камунізму. Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь патрабую прыняць захады для выпраўленьні гэтага дзікунства ў нашай шматпакутнай дзяржаве на падпарадкаваных вам землях», — гаворыцца ў звароце Андрэя Юркова да старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзьмітрыя Васілеўскага, які аўтар разьмясьціў на сваёй старонцы ў Facebook.

Чырвоная зорка з гарадзкой ялінкі ў Дрыбіне прыбраная ня будзе, нягледзячы на зварот Юркова, заявіла БелаПАН начальніца раённага аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі Алена Рабкавец:

«Я паглядзела вельмі шмат літаратуры. Напрыклад, пяціканцовай чырвонай зоркай ўпрыгожвалі ялінкі ў Бэтлееме, там, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Гэта па-першае. Па-другое, зорка ў нас служыць упрыгожаньнем і ніякай палітычнай подбіўкі ня мае. Па-трэцяе, я паглядзела кучу матэрыялаў з розных абласных, раённых цэнтраў, дзе ёсьць такія зоркі», — сказала галоўны раённы ідэоляг. Яна адзначыла, што ў Дрыбіне наагул упершыню пастаўленая гарадзкая ялінка — «сучасная, прыгожая».

«Мне падабаецца, і я зьвязваю ялінку, як, напрыклад, пакаленьне маіх аднагодкаў, менавіта з чырвонай зоркай», — заявіла чыноўніца. Разам з тым Рабкавец паабяцала, што райвыканкам прыме ад Юркова ў якасьці спонсарскай дапамогі тую зорку, якую ён хацеў бы бачыць на каляднай ялінцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG