Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: Першыя біямэтрычныя пашпарты зьявяцца ў Беларусі пры канцы 2018-га


Першыя біямэтрычныя пашпарты зьявяцца ў Беларусі пры канцы 2018 году, паведаміў начальнік дэпартамэнту ў справе грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Аляксей Бягун на прэсавай канфэрэнцыі 16 сьнежня ў Менску.

«Мяркуецца, што пры канцы 2018 году мы ўжо атрымаем біямэтрычны пашпарт для выезду за мяжу і ID-карту з адпаведнымі праграмамі», — сказаў Бягун.

Начальнік дэпартамэнту падкрэсьліў, што згодна з плянам дзеля авалодваньня біямэтрычнымі тэхналёгіямі ў Беларусі з 2014 году праводзіцца комплекс мерапрыемстваў дзеля ўкараненьня біямэтрычных тэхналёгій у нацыянальныя дакумэнты. «Гэта пашпарт для выезду за мяжу і нацыянальная ID-карта. Плянуецца іх укараненьне ў беларускую інтэграваную сэрвісна-разьліковую сыстэму», — дадаў спэцыяліст.

Бягун зьвярнуў увагу на перавагі плястыкавых карт з біямэтрычнай інфармацыяй: яны зносаўстойлівыя, іх практычна немагчыма падрабіць. «Выкарыстаньне біямэтрычных замежных пашпартоў дазваляе перасякаць мяжу іншых дзяржаваў больш хутка і камфортна», — падкрэсьліў начальнік дэпартамэнту.

Магчымасьць увядзеньня ў Беларусі пашпартоў з біямэтрычнымі зьвесткамі абмяркоўваецца ня першы год. Напрыклад у 2010 годзе заяўлялася аб тым, што першыя біямэтрычныя дакумэнты ў краіне будуць выдавацца ўжо праз два гады, аднак гэтага не адбылося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG