Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія найміты выходзяць зь ценю


Дзьмітры Уткін

9 сьнежня ў Крамлі адзначалі «Дзень герояў Айчыны». Ва ўрачыстасьцях бралі ўдзел" больш за 300 вайскоўцаў і цывільных асобаў, якія прадэманстравалі асаблівую мужнасьць і гераізм, у тым ліку Героі Савецкага Саюзу і Героі Расеі ды іншыя ляўрэаты. Уладзімер Пуцін асабіста зьвярнуўся да прысутных і падзякаваў ім за службу.

Дзяніс Караткоў, санкт-пецярбурскі журналіст, які займаецца расьсьледаваньнямі, з рэпартажаў дзяржаўных расейскіх СМІ ідэнтыфікаваў сярод гасьцей чалавека, пра якога ён пісаў на працягу некалькіх гадоў. Гэта Дзьмітрый Уткін, камандзір незарэгістраванай прыватнай ваеннай кампаніі (ЧВК) «Вагнэр», байцы якой, як мяркуецца, удзельнічалі ў баях у Сырыі і Данбасе.

15 сьнежня прэсавы сакратар Уладзімера Пуціна Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў, што на прыёме ў прэзыдэнта Расеі 9 сьнежня ў Крамлі прысутнічаў 46-гадовы Дзьмітрый Уткін. Пяскоў падкрэсьліў, што Уткін зьяўляецца кавалерам ордэнаў Мужнасьці і прысутнічаў ад Наўгародзкай вобласьці. На пытаньне, за што Ўткіна ўганаравалі ордэнам, Пяскоў адказаў: «Звычайна яго даюць за мужнасьць».

Караткоў і іншыя дасьледчыкі ценявога сьвету расейскіх наймітаў лічаць зьяўленьне Ўткіна яскравым сьведчаньнем ключавой ролі ваенізаваных фармаваньняў наймітаў у расейскай вонкавай палітыцы, прынамсі, за апошнія пяць гадоў, у прыватнасьці, ва Ўкраіне і Сырыі.

Твіт ад Fontanka.ru, дзе працуе журналіст Дзяніс Караткоў, у якім паказана фота Ўткіна на цырымоніі:

«Іх функцыя [ у Сырыі] вельмі няясная», — сказаў Караткоў Свабодзе. — Падрыхтоўка, якую яны прайшлі ў сваім лягеры ў Расеі, падобная на падрыхтоўку спэцыяльных сіл. Гэта значыць — для выведкі, працы з дывэрсійнымі групамі і таму падобнае. На аснове інфармацыі, якая паступае з Сырыі зь першых або другасных крыніцаў, групу „Вагнэра“ часта выкарыстоўваюць як элітную пяхоту, што, натуральна, прыводзіць да большых чалавечых ахвяраў, чым пры звычайным выкарыстаньні спэцыяльных сілаў. Але хто каардынуе гэтую працу і хто камандуе імі, я ня ведаю».

Гэта мутная тэма з многіх прычынаў, не ў апошнюю чаргу таму, што найміцтва зьяўляецца незаконным у Расеі. Але мяркуючы па ўсім, Расея выкарыстоўвае прыватных ваенных кантрактнікаў у цеснай супрацы зь дзейнымі вайскоўцамі такім чынам, як гэта ўпершыню зрабілі ЗША на пачатку 2000-х падчас вайны ў Аўганістане і Іраку.

Выкарыстоўваючы адкрытыя крыніцы і кантакты ў расейскіх сілавых структурах, Караткоў прасачыў карʼеру Уткіна ў дэталях. Да 2013 года ён быў камандзірам брыгады спэцназу ГРУ, ваеннай выведкі Расеі. Уткін выйшаў у адстаўку ў 2013 годзе і пачаў працаваць у групе

«Moran Security», кампаніі, заснаванай расейскімі ваеннымі вэтэранамі, якая праводзіць апэрацыі па забесьпячэньні бясьпекі і падрыхтоўцы кадраў ва ўсім сьвеце, і якія спэцыялізуюцца ў барацьбе з пірацтвам. У тым жа годзе старэйшыя мэнэджэры «Moran Security» былі зьвязаныя з Санкт-пецярбурскай арганізацыяй «Славянскі корпус», якія праз інтэрнэт шукала наймітаў дзеля «абароны нафтавых радовішчаў і трубаправодаў» у Сырыі.

Твіт праекту «Conflict Intelligence Team» з фатаграфіяй меркаваных наймітаў падразьдзяленьня «Вагнэра» у Сырыі:

Паводле паведамленьняў розных СМІ, Уткін атрымаў мянушку Вагнэр з-за яго любові да «атрыбутаў і ідэалёгіі» нацысцкага рэжыму Адольфа Гітлера.

Назва ЧВК (прыватная ваенная кампанія) «Вагнэр» упершыню прагучала ў 2014 годзе ў паведамленьнях, што найміты гэтай групоўкі змагаліся разам з падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны. У 2015 годзе было зафіксавана, што яны вярнуліся ў Сырыю. Караткоў апублікаваў першыя рэпартажы пра расейскіх наймітаў у Сырыі і пра іх вярбоўку ў Санкт-Пецярбургу праз некалькі тыдняў пасьля пачатку расейскіх бамбаваньняў Сырыі ў кастрычніку 2015 году.

Як паведамлялася, найміты «Вагнэра» адыгралі важную ролю ў аказаньні дапамогі сілам прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада ў Пальміра ў траўні. Прыкладна ў той самы час, калі старажытны горад быў захоплены, Караткоў сказаў, што ён атрымаў паведамленьні аб тым, што некалькіх наймітаў «Вагнера» узнагародзілі за гэта, але ён ня змог пацьвердзіць гэта.

Тым ня менш, здымкі прыёму ў Крамлі 9 сьнежня даюць прынамсі нейкае пацьверджаньне гэтаму. Дзяржаўны тэлеканал «Расея» паказаў палкоўніка ў адстаўцы Андрэя Трошава, вэтэрана савецкай вайны ў Аўганістане, які афіцыйна выйшаў у адстаўку ў 2014 годзе. У адстаўцы Трошаў не атрымліваў мэдаль Героя Расеі, але было бачна, як ён носіць такі мэдаль падчас прыёму ў Крамлі.

Руслан Левіеў, аналітык праекту «Conflict Intelligence Team» упершыню ідэнтыфікаваў наймітаў «Вагнэра» на відэа забітых «расейскіх салдат», якое апублікавала тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» (IS) у Пальміры 17 сакавіка. Яго каманда таксама ідэнтыфікавала 51-гадовага маёра ў адстаўцы Сяргея Чупава, які, як паведамлялася, быў забіты ў Сырыі 8 лютага. Ягоная прыналежнасьць да групоўкі «Вагнэр» была вызначаная на падставе інтэрвію зь яго сябрамі і сваякамі ў Санкт-Пецярбургу.

Сяргей Чупаў
Сяргей Чупаў

Левіеў перакананы, што наймітаў экіпіруе і падтрымлівае Міністэрства абароны РФ і Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне (ГРУ).

«З аднаго боку, іх трэніровачны палігон знаходзіцца побач з палігонам 10-й брыгады ГРУ [у Краснадарскім краі]», — сказаў ён Свабодзе. — «Калі б іх існаваньне не было ўхвалена ўрадам, то гэта было б немагчыма, яны ня мелі бы права знаходзіцца побач з базай элітнага спэцназу ГРУ».

«Акрамя таго, ёсьць фатаграфіі забітых наймітаў, якія былі апублікаваныя групоўкай „Ісламская дзяржава“, на іх вы можаце ўбачыць зброю, якую маюць толькі элітныя падразьдзяленьні спэцназу ГРУ», — дадаў Левіеў. «Мы таксама можам бачыць на фотаздымках, якія посьцяць самі найміты, што яны рухаюцца ў Сырыі на расейскіх вайсковых самалётах. Яны сфатаграфаваныя побач з верталётамі і і самалётамі Міністэрства абароны Расеі. Цалкам відавочна, што яны атрымліваюць дапамогу, транспарт і зброю ад ураду Расеі, ад Міністэрства абароны».

Твіт «Conflict Intelligence Team» з фатаграфіяй зброі, якую звычайна выкарыстоўваюць толькі элітныя падразьдзяленьні спэцназу ГРУ, якія былі паказаныя ў відэазапісу тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Левіеў адзначае, што найміты такіх аддзелаў як «Вагнэр», адрозьніваюцца ад непрафэсійных баевікоў-добраахвотнікаў, якія зьявіліся ў першыя дні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

«Усе гэтыя людзі маюць вялікі досьвед», — сказаў ён. — «Як правіла, яны старэйшыя за 30 гадоў і служылі ў войску. Ёсьць некаторыя даволі сталыя людзі, як Сяргей Чупаў, якому 51 год. Як правіла, гэта ня проста добраахвотнікі, якіх мы бачылі ў Данбасе, былыя шахцёры ці аўтамэханікі. Гэта людзі з рэальным баявым досьведам службы ў добра падрыхтаваных ваенных фармаваньнях».

Журналіст Караткоў ацэньвае, што як найменей 600 наймітаў ваявалі ў «Вагнэра» ў Сырыі з 2014 году, і прынамсі 60 былі там забітыя.

Левіеў кажа, што цяжка назваць дакладныя лічбы.

«Людзі, зь якімі мы гаварылі, кажуць, што ведаюць людзей, якія змагаюцца ў гэтай групе наймітаў у пэрыяд афіцыйнага ўдзелу Расеі ў вайне ў Сырыі [з кастрычніка 2015], некалькі дзесяткаў зь іх былі забіты», сказаў ён Свабодзе.

Сайт militaryarms.ru паведамляе, што ў Вагнэра «вельмі высокі адсотак стратаў, што не характэрна для прыватных ваенных кампаній». У дакладзе гаворыцца, што ў Данбасе і Сырыі найміты Вагнэру працуюць у самых небясьпечных сытуацыях, часта гінуць напачатку атакі падчас штурму населеных пунктаў і пазыцый праціўніка.

Зьяўленьне Ўткіна і Трошава падчас прыёму ў Крамлі 9 сьнежня ўздымае яшчэ адно важнае пытаньне, кажа Левіеў.

«Я не ўпэўнены, што мы сапраўды можам выкарыстоўваць слова „найміт“ у тым сэнсе, як яно выкарыстоўваецца ў Крымінальным Кодэксе РФ», — кажа Левіеў. — Яны атрымліваюць мэдалі, і гэтая інфармацыя пацьвярджаецца рознымі крыніцамі і некаторымі дакумэнтамі, але ёсьць правілы, у адпаведнасьці зь якімі не ўяўляецца магчымым даваць дзяржаўныя ўзнагароды людзям, якія змагаюцца ў такіх аддзелах на тэрыторыі іншай краіны».

Расейскія афіцыйныя асобы на мінулым тыдні прызналі, што 23 расейскія вайскоўцы дзейнай службы загінулі ў Сырыі падчас бамбавальных апэрацый, якія пачаліся 14 месяцаў таму, пра гэта паведаміў з дзяржаўны тэлеканал RT.

Падразьдзяленьне «Вагнэра», па дадзеных СМІ, было створана ў 2014 годзе, яго курыруе ГРУ. Падразьдзяленьне, як сьцьвярджае РБК, абслугоўваюць структуры, зьвязаныя з бізнэсмэнам Яўгенам Прыгожыным, блізкім сябрам Уладзімера Пуціна.

Аляксандар Госьцеў

Робэрт Колсан

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG