Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларускам мапа гвалту


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Вяртаючыся аднойчы ўвечары дадому, я стала сьведкай жудаснай сцэны — мужчына выцягнуў жанчыну з машыны, некалькі разоў ударыў і пацягнуў за валасы ў бок аднаго з блізкіх двароў, суправаджаючы ўсё гэта гучнай лаянкай. З лаянкі было зразумела, што ў жанчыны ёсьць дзіця, і што мужчына палічыў надта позьнім вяртаньне жанчыны дадому.

Вядома ж, я патэлефанавала ў міліцыю, апісала сытуацыю і патлумачыла, у які бок цягнулі жанчыну. Хвілін празь пяць зь міліцыі ператэлефанавалі і папрасілі апісаць усё нанова, а яшчэ хвілін празь 10 зноўку патэлефанавалі і папрасілі падысьці ў апорны пункт, каб скласьці пратакол. Аказалася, што тая жанчына таксама зьвярнулася ў міліцыю. Мужчына зацягнуў яе ў кватэру, забраў усе ключы і сышоў, пакінуўшы яе зачыненай у хаце разам з маленькім дзіцём. Некаторыя дзьверы немагчыма знутры кватэры адчыніць без ключа, і гэта быў той выпадак.

Я ня ведаю, чым скончылася тая гісторыя, але міліцыянты паводзілі сябе адпаведна сытуацыі, яшчэ пры мне распрацоўвалі ўмоўны плян вызваленьня, а на пытаньне, ці прапануюць ёй з дзіцём паехаць у прытулак для ахвяраў хатняга гвалту, сказалі, каб я не хвалявалася, і што ўсё яны зробяць правільна.

Часам мне кажуць, што я нібыта прыцягваю да сябе няшчасьці — побач са мной часта здараецца «штосьці такое» — то суседзі шалёныя, то на вуліцы напады і бойкі, то яшчэ якая трасца. Але я абсалютна ўпэўнена, што гэта здараецца прыблізна аднолькава побач з усімі з папраўкай хіба што на раён пражываньня, але ня ўсе аднолькава ацэньваюць адны і тыя ж сытуацыі.

Некаторыя зьбіцьцё дзяцей называюць выхаваньнем, а зьбіцьцё жанчын — доказам каханьня.

Некаторыя зьбіцьцё дзяцей называюць выхаваньнем, а зьбіцьцё жанчын — доказам каханьня. Яшчэ кажуць, што існуе шлюбны абавязак і гэтым простым словазлучэньнем апраўдваюць згвалтаваньні ў шлюбе. Хатні гвалт масава блытаюць з канфліктнай сытуацыяй у сям’і, дадаючы пры гэтым, што сьмецце з хаты выносіць ня трэба, і ў чужыя справы лезьці таксама. Так ахвяры трапляюць у зону адмаўленьня — у вобласьць бясконцых «гэтага ня можа быць», «яна проста хоча выцягнуць зь яго грошы», «трэба яшчэ разабрацца, што там адбылося на самой справе» і «яна сама вінаватая — глядзі, да чаго яго давяла».

Гэта вельмі вялікая спакуса — не заўважаць таго, што адбываецца навокал: адварочвацца ад вулічнай бойкі, не глядзець у бок пары, калі мужчына прыніжае партнэрку ўва ўсіх на вачах, рабіць гучней музыку, калі сусед зьбівае жонку. Жыць у сьвеце бяз гвалту было б цудоўна, але пакуль сьвет застаецца несправядлівым, вельмі важна не рабіць выгляд, што «нічога такога» не існуе. Тэма хатняга гвалту — вялікае табу ў грамадзтве, дзе вінаватай у злачынстве прынята лічыць ахвяру.

Але ёсьць у Беларусі арганізацыя «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту. Гэтая арганізацыя стварыла адмысловую мапу і дала магчымасць усім нам паказаць ды ўбачыць сапраўдны маштаб гвалту ў дачыненні да жанчын у нашай цудоўнай сацыяльна арыентаванай дзяржаве, дзе дагэтуль няма спэцыяльнага закону па супрацьстаяньні хатняму гвалту.

Некалькі месяцаў таму мы ўжо мелі магчымасьць убачыць маштаб катастрофы, чытаючы запісы пад хэштэгамі #ЯнеБаюсяСказаць і #ЯнеБоюсьСказать. Але шмат хто баіцца сказаць, і гэта зразумела — ня ўсе гатовыя да так бы мовіць неадназначнай рэакцыі грамадства. Гісторыі ж на мапе гвалту расказваюцца і пазначаюцца ананімна — гэта мусіць дапамагчы ўбачыць яшчэ больш.

Усе ахвяры гвалту, якіх я ведаю асабіста, хочуць, каб тое, што з намі здарылася, не засталося незаўважаным.

Ёсьць такое меркаваньне, што людзі, якія перажылі гвалт (як і любую іншую траўматычную сытуацыю), больш за ўсё хочуць пра яе забыць. Верагодна, такія людзі і праўда існуюць. Але ўсе ахвяры гвалту, якіх я ведаю асабіста, хочуць зусім іншага, як, уласна, і я. Мы хочам, каб тое, што з намі здарылася, не засталося незаўважаным. Гэта вельмі страшна, калі твой сьвет перавярнуўся, і ты разумееш, што ніколі ўжо ня будзе як раней, а навокал нічога і не зьмянілася. Магчымасьць «набыць голас» і распавесьці пра тое, што адбылося, вельмі дапамагае перажыць любую траўму.

Я веру, што ў сьветлай будучыні беларускія актывісткі будуць зьбіраць добрыя і натхняльныя гісторыі, а пакуль, як адзначыла гендэрная дасьледчыца Ірына Саламаціна, «бум» жаночых гісторый у Беларусі — гэта гісторыі гвалту ў родах, хатняга і «вулічнага» гвалту ў шырокім сэнсе гэтага слова, а таксама гісторыі працоўнай дыскрымінацыі жанчын. Менавіта такімі гісторыямі просяць дзяліцца беларусак над адпаведнымі хэштэгамі альбо на адмысловых сайтах.

Адзін зь міліцыянтаў, што прыехаў на выклік, запытаўся: «А ён яе часта б’е, ці як усе?».

Раскажу і я яшчэ пра адзін выпадак. Калісьці мая маці выклікала міліцыю на суседа, які зьбіваў сваю жонку на лесьвічнай пляцоўцы. Адзін зь міліцыянтаў, што прыехаў на выклік, запытаўся: «А ён яе часта б’е, ці як усе?»

А нехта Андрэй Старжынскі ўжо заявіў, што даслаў у пракуратуру зварот, з патрабаваньнем праверыць сайт мапы гвалту на прадмет таго, што ён стварае прастору для паклёпаў на невінаватых мужчын. І ўвогуле спадар Андрэй хвалюецца, што ініцыятывы такога кшталту руйнуюць сем’і.

Так, хатні гвалт тут ні пры чым. Ува ўсім вінаватыя тыя, хто з ім змагаецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG