Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы: пацяпленьне стасункаў ня можа адбывацца за кошт свабодных СМІ


Павел Коваль
Павел Коваль

Польскі палітык Павел Коваль у свой час даволі актыўна займаўся ўкраінскім пытаньнем. У часе сваёй кадэнцыі ў Эўрапейскім парлямэнце ён узначальваў дэлегацыю ў пытаньнях супрацы з Украінаю і заўсёды вельмі жорстка крытыкаваў уладу Віктара Януковіча ў часе падрыхтоўкі да падпісаньня пагадненьня пра асацыяцыю Ўкраіны ў Эўрапейскім Зьвязе.

Цяпер Павел Коваль займаецца навукай і выкладчыцкай дзейнасьцю — працуе ў Інстытуце палітычных дасьледаваньняў Польскай акадэміі навук і выкладае ў Варшаўскім унівэрсытэце. Галоўная тэма ягоных дасьледаваньняў — усходняя палітыка і рэвалюцыйныя рухі ва Ўкраіне.

Радыё Свабода папрасіла Паўла Коваля пракамэнтаваць сытуацыю навокал тэлеканалу «Белсат» і новую хвалю пацяпленьня ў беларуска-польскіх дачыненьнях.

РС: Сёньня паведамляецца, што ўрад Польшчы, нібыта, ухваліў рашэньне пра скарачэньне на 2/3 фінансаваньня беларускамоўнага каналу «Белсат», які ў свой час ствараўся паводле ініцыятывы Міністэрства замежных спраў Польшчы і пры падтрыманьні Эўразьвязу. Інфармацыя гэтая яшчэ не пацьверджана. На ваш погляд, наколькі такое рашэньне можа быць зьвязанае з актывізацыяй беларуска-польскага дыялёгу?

Коваль: Думаю, што такое рашэньне будзе памылковым. Я ёсьць прыхільнікам разьвіцьця дачыненьняў з уладамі Беларусі — на дыпляматычным ды палітычным узроўні. Але гэта мае адбывацца не за кошт нашых кантактаў з грамадзянскай супольнасьцю, поглядаў на правы чалавека, на дзейнасьць грамадзкіх арганізацый і свабодных мас-мэдыя. І тым больш — не за кошт жыцьця «Белсату».

РС: Ці маеце вы рэцэпт, паводле якога можна зьберагчы беларускамоўны канал?

Коваль: Шанцы захаваць гэты канал ёсьць, але гэта мае быць палітычнае рашэньне — на такі канал патрэбны сурʼёзны бюджэт. Без палітычных грошай, я маю на ўвазе дзяржаўных, гэта наўрад ці атрымаецца.

РС: Польшча пайшла на пацяпленьне стасункаў зь Беларусьсю пад уплывам сытуацыі ва Ўкраіне, дзе, фактычна, ідзе вайна і Ўкраіна называе Расею адным з бакоў гэтага канфлікту? Ці ўлічваецца той факт, што Беларусь знаходзіцца ў саюзных дачыненьнях з Расеяй?

Коваль: Гэта адзін пункт гледжаньня. Але зь іншага боку, адной з прычын, паводле якіх Лукашэнка і, дарэчы, Назарбаеў (прэзыдэнт Казахстану — РС) цяпер наладжваюць адносіны з Захадам, ёсьць іх разуменьне — тое, што адбылося ва Ўкраіне, можа перайсьці і ў кантэкст іх краін. Таму ўсе выкарыстоўваюць «адкрытае акно» — і краіны, і асабліва Захад, хочуць выкарыстаць гэты фактар. Паглядзім, наколькі гэта будзе рэальна, але дыпляматыя і палітыка павінны да гэтага імкнуцца, каб не ісьці на канфрантацыю. У той жа час, гэта не такая адназначная сытуацыя, бо ёсьць сумненьні, што прэзыдэнт Лукашэнка зьяўляецца стоадсоткава самастойным і можа вырашаць нейкія геапалітычныя рэчы незалежна ад Масквы. Палітыка Эўразьвязу — некансэквэнтная ў дачыненьні да Беларусі, але цяпер палітыкі ў дачыненьні да Беларусі практычна няма. Усе краіны імкнуцца ісьці сваім шляхам. Польшча, як сусед, таксама ідзе і шукае нейкія выхады. Так і адбываецца. Дарэчы, і Ўкраіна выкарыстоўвала кантакт праз Лукашэнку не адзін раз. Ня трэба забывацца, што Лукашэнка ніколі, напрыклад, наўпрост не падтрымліваў уладу Януковіча ў ключавых момантах.

РС: Нядаўна Беларусь наведаў зь візытам кіраўнік Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі, які даволі пазытыўна ацаніў дзейнасьць Аляксандра Лукашэнкі і назваў яго «цёплым чалавекам».

Коваль: Ён меў сказаць нешта дыпляматычнае. Сярод уплывовых польскіх палітыкаў, якія прымаюць рашэньні, зараз шмат рэалізму, яны добра разумеюць, што трансфармацыя Беларусі ня так лёгка пойдзе, але імкнуцца да гэтага патрэбна. Таму я за тое, каб разьвіваць адносіны, каб шукаць крокі да ўзаемаразуменьня, але трэба быць рэалістамі. Бо тое, што адбылося ў Беларусі за апошнія 20 гадоў, мае ўплыў на сучасную палітыку, і трэба да гэтага ставіцца сурʼёзна.

РС: Польшча заўсёды спрабуе заняць нішу адваката, як у выпадку з Украінай, гэтак і ў выпадку з Беларусьсю. Наколькі гэта пэрспэктыўна і вынікова?

Коваль: Гэта залежыць ад таго, наколькі Лукашэнка знойдзе магчымасьці стаць больш самастойным ад Масквы і наколькі інтэлігентнаю будзе палітыка Польшчы. Я не магу судзіць аб тым, наколькі жэсты Лукашэнкі і ягоная адкрытасьць да кантактаў з Захадам шчырыя ды сурʼёзныя і наколькі ён самастойны. Пакуль гэта толькі жэсты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG