Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ зноў заяўляюць, што ня ведалі пра візыт Саўчанкі ў Менск


Надзея Саўчанка (архіўнае фота)
Надзея Саўчанка (архіўнае фота)

У Службе бясьпекі Ўкраіны ізноў заявілі, што ім было невядома пра візыт народнага дэпутата Ўкраіны Надзеі Саўчанкі ў Менск.

Як перадае ўкраінскае агенцтва УНІАН, пра гэта на брыфінгу ў Кіеве заявіў прадстаўнік СБУ Юрый Качанаў, які адказвае за пытаньні вызваленьня палонных на Данбасе. Ён паведаміў, што быў на перамовах у Менску 7 сьнежня і ня ведаў, што ў гэты час «вяліся кулюарныя гульні і, у прыватнасьці, народны дэпутат — прадстаўнік Украіны таксама наведала Менск».

Паводле Качанава, пра паездку Саўчанкі яму стала вядома толькі тады, «калі ўсё здарылася». «Акрамя гэтага, я ведаю, што па выніках гэтай сустрэчы з удзелам народнага дэпутата Ўкраіны абмяркоўваліся кулюарна пытаньні ня толькі вызваленьня закладнікаў, але і зьняцьце эканамічных санкцый з рэгіёнаў, а таксама пытаньні амністыі», — сказаў Качанаў.

Першы намесьнік старшыні Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка адзначыла, што ўлада Ўкраіны робіць усё для таго, каб украінскія закладнікі былі вызваленыя як мага хутчэй. «Мы робім усё для таго, каб закладнікі да Новага года былі дома. Тут мы адкрытыя да кампрамісу», — сказала яна.

Пры гэтым Герашчанка зьвярнулася да палітычнай партыі «Бацькаўшчына», каб яна «ўзяла адказнасьць на сябе за ўсё, што адбываецца». Паводле Герашчанкі, неабходна разумець, што перамовы аб вызваленьні закладнікаў — гэта «вельмі далікатная справа», і ўмяшаньне староньніх людзей можа нанесьці шкоду гэтаму працэсу.

Раней паведамлялася, што Саўчанка 7 сьнежня таемна наведала Менск, дзе сустрэлася з кіраўнікамі «ДНР» і «ЛНР» Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім з удзелам расейскага боку. Паводле Саўчанкі, сустрэча «была накіравана на тое, каб узмацніць Менскі фармат і зрабіць яго больш дзейсным у бліжэйшы час».

У Крамлі пацьвердзілі факт «неафіцыйных» перамоваў з Саўчанкай па абмене палоннымі, а таксама назвалі перамовы Ўкраіны з кіраўніцтвам сэпаратыстаў «безальтэрнатыўнымі».

У СБУ заяўлялі, што дэпутат не інфармавала спэцслужбу пра свой намер выехаць за мяжу для правядзеньня перамоў. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што сустрэчы Саўчанкі з кіраўнікамі «ДНР» і «ЛНР» не прыносяць карысьці ні ёй, ні Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG