Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У калегіі электараў ЗША 19 сьнежня магчымыя сюрпрызы, але чакаецца перамога Трампа


19 сьнежня група з 538 чалавек, прадстаўнікоў усіх амэрыканскіх штатаў і Вашынгтону (акругі Калюмбія) абярэ 45-га прэзыдэнта ЗША

Звычайна калегія электараў, якая, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй ЗША, кожныя чатыры гады галасуе за кандыдата ў прэзыдэнты, не прыцягвае да сябе шмат увагі — працэдура традыцыйна лічыцца фармальнай. Але ня сёлета.

Гэтым разам галасаваньне будзе істотна адрозьнівацца ад папярэдніх.

Найперш таму, што канкурэнтка абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан, на выбарах 8 лістапада набрала амаль на 3 мільёны галасоў грамадзянаў болей за свайго суперніка.

Згодна з Канстытуцыяй ЗША, прэзыдэнт абіраецца калегіяй электараў, а не ўсенародным галасаваньнем. Кожны штат мае прадстаўніцтва прыблізна ў адпаведнасьці са сваім насельніцтвам. Трамп набраў больш галасоў электараў (306), чым Клінтан (232).

На атмасфэру гэтых дзён уплывае выснова амэрыканскіх спэцслужбаў, што расейскія хакеры атрымалі доступ да партыйных сэрвэраў. На мінулым тыдні выданьне The New York Times са спасылкай на неназваных службовыя асобы ў ЦРУ паведаміла, што расейскія хакеры, магчыма, спэцыяльна імкнуліся падтрымаць Трампа. Сам Трамп высьмеяў гэтую вэрсію.

Клэр Аер, дэмакратычны сэнатар ад штату Вэрмонт, у мінулым — член калегіі электараў, сказала, што памятае падобную атмасфэру ў 2000 годзе, калі кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Альбэрт Гор выйграў народнае галасаваньне, але рэспубліканца Джорджа Буша ў канчатковым выніку выбрала калегія электараў. Але ў гэтым годзе, сказала яна, сытуацыя выглядае нашмат горшай.

«Людзі вельмі непакояцца з-за Дональд Трампа. У нас не было той жа трывогі наконт Буша» — сказала яна.

Электары разьмяркоўваюцца ў залежнасьці ад колькасьці насельніцтва і выбіраюцца палітычнымі партыямі ў кожным штаце. Ні Канстытуцыя ЗША, ні фэдэральны закон ня ўтрымлівае палажэньня, якое абавязвала б іх прытрымлівацца вынікаў народнага галасаваньня ў сваіх штатах.

У шэрагу штатаў закон патрабуе, каб яны аддалі свае галасы за таго кандыдата, які набраў большасьць ў народным галасаваньні гэтага штату. У іншых месцах, яны абавязаныя выконваць рашэньні палітычных партый, якія іх абралі.

Тых электараў, хто ігнаруе правілы сваіх штатаў, або народнага галасаваньня, часта называюць «электары-адступнікі» (faithless electors). Сёлета зьявілася яшчэ адна назва — «электар Гамільтан».

Маецца на ўвазе Аляксандар Гамільтан, першы сакратар казначэйства ў XVIII стагодзьдзі і адзін з распрацоўшчыкаў артыкулаў пры ратыфікацыі амэрыканскай Канстытуцыі. Адной з галоўных мэтаў стварэньня Калегіі электараў было спыніць любыя спробы ўплыву замежных дзяржаваў.

Цяпер адна з такіх групаў ўзяла гэтае імя, сьцьвярджаючы, што электары павінны галасаваць не за Трампа, але за іншага рэспубліканца. Калі апанэнты Трампа зьбяруць дастатковую падтрымку, каб пераканаць прынамсі 37 электараў не падтрымліваць яго, гэта заблякуе ягонае абраньне і накіруе канчатковае рашэньне ў Палату прадстаўнікоў, што на такі выпадак прадугледжана палажэньнямі Канстытуцыі.

«Бацькі-заснавальнікі стварылі інстытут электараў, каб прадухіліць магчымасьць сумнеўнага чалавека стаць прэзыдэнтам. Канстытуцыя дае нам гэты інструмэнт. Сумленьне патрабуе, каб мы яго выкарыстоўвалі» — заявілі прадстаўнікі групы.

Цяпер некаторыя электары папрасілі адпаведныя службы даць ім больш інфармацыі ў справе магчымага ўплыву расейскіх хакераў на выбарчы працэс.

Да галасаваньня калегіі электараў застаецца некалькі дзён, і большасьць аналітыкаў сыходзяцца ў меркаваньнях, што хаця некаторыя электары могуць і прагаласаваць «ня так», як абавязваюць іх вынікі галасаваньня ў іх штатах (падобныя выпадкі здараліся і раней) — аднак вялікага сюрпрызу чакаць ня варта, і менавіта Трамп у студзені афіцыйна заступіць на пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG