Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод беларусаў удвая больш носьбітаў бактэрыі гелікабактэр чым сярод жыхароў Эўразьвязу


Гэтая бактэрыя лічыцца асноўным чыньнікам гастрыту і язвы страўніка.
Гэтая бактэрыя лічыцца асноўным чыньнікам гастрыту і язвы страўніка.

Сярод жыхароў Беларусі распаўсюджанасьць бактэрыі гелікабактэр (Helicobacter pylori) больш чым удвая перавышае паказчыкі ў краінах Эўразьвязу, паведаміла галоўны пазаштатны гастраэнтэроляг Міністэрства аховы здароўя Юлія Гаргун на прэс-канфэрэнцыі ў Мінску 14 сьнежня. Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

Паводле Юліі Гаргун, каля 80% дарослага насельніцтва Беларусі заражаныя гелікабактэр, а ў краінах Заходняй Эўропы і ЗША — 30-40%. Такі ж узровень заражэньня гелікабактэр, як у нашай краіне, назіраецца ва Ўкраіне і Расеі.

«Распаўсюджанасьць інфэкцыі вызначаецца тым, наколькі разьвітая краіна, наколькі добрыя сацыяльныя і гігіенічныя ўмовы. У разьвітых краінах інфікаванасьць пачала зьніжацца, калі праблема стала вядомая. Напрыклад, у Японіі праводзіцца дзяржаўная палітыка правядзеньня скрынінгу і лячэньня гелікабактэр, што разглядаецца як асноўны мэтад прафіляктыкі раку страўніка. У выніку інфэкцыя досыць хутка ідзе на зьмяншэньне. Калі ж усё залежыць толькі ад стаўленьня пацыента і лекара, сытуацыя іншая. Акрамя таго, чым менш насельніцтва інфармаванае пра праблему, тым яно менш актыўна лечыцца», - сказала Гаргун.

Гелікабактэр можа выклікаць хранічны гастрыт, які будзе пераходзіць у язву страўніка і дванаццаціперснай кішкі, а таксама павышае рызыку разьвіцьця раку страўніка. «Гелікабактэр разглядаецца як дакладна ўстаноўлены фактар разьвіцьця раку страўніка, а паводле распаўсюджанасьці гэтага захворваньня Беларусь займае адно зь першых месцаў у Эўропе», — адзначыла Гаргун.

Людзі, інфікаваныя гелікабактэр, часам не адчуваюць ніякіх сымптомаў, хвароба працякае вельмі часта схавана. Для выяўленьня гелікабактэр неабходна зьвярнуцца да лекара, які прызначыць фібрагастраскапію. У выпадку выяўленьня бактэрыі неабходна прайсьці спэцыяльнае лячэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG