Сябры грамадзкай ініцыятывы «Хопіць піць — трэба жыць!» у Гомелі падрыхтавалі падарункі да Калядаў — бел-чырвона-белыя сьцяжкі з выявай «Пагоні» і парцалянавыя кубачкі, на якіх таксама «Пагоня» ў абрамленьні беларускага нацыянальнага арнамэнту.
«Мы гэтыя падарункі не раздаём, як звычайна, — тлумачыць актывіст ініцыятывы Кастусь Жукоўскі, — а адсылаем тым, хто зрабіў рэпост інфармацыі пра падарункі з нашага сайту. Значыць, яны зацікавілі інтэрнэт-карыстальнікаў. Прынамсі першыя тры з паловай сотні зацікаўленых атрымаюць сьцяжкі, якія могуць аздобіць і аўтамашыну, і хатні інтэрʼер. Ёсьць свае ўмовы і для атрыманьня кубачкаў, зь якіх, як мне падаецца, і кава, і гарбата на калядныя сьвяты будуць удвайне смачнейшыя».
Першыя падарункі адпраўленыя ўжо поштай у Кіраўскі раён Магілёўскай вобласьці.
Праз акцыю гомельскія актывісты маюць пашыраць прысутнасьць нацыянальных сымбаляў у жыцьці беларусаў.
Дэмакратычная моладзь краіны ініцыявала, сабрала і перадала ў Міністэрства культуры блізу 10 тысяч подпісаў пад зваротам аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці — усьлед за «Пагоняй».