Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярузэльскага пазбавяць генэральскага званьня. Пасьмяротна


Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса (справа) наведвае ў шпіталі экс-кіраўніка краіны Войцэха Ярузэльскага (зьлева). 2011 год.
Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса (справа) наведвае ў шпіталі экс-кіраўніка краіны Войцэха Ярузэльскага (зьлева). 2011 год.

У Польшчы прайшлі дзесяткі вулічных акцый, прымеркаваных да 35-й гадавіны ўвядзеньня ваеннага становішча.

«Дзяржаўны савет у адпаведнасьці з Канстытуцыяй увёў сёньня ваеннае становішча на тэрыторыі ўсёй краіны», — з гэтых слоў генэрала Войцэха Ярузельскага пачаўся для палякаў дзень 13-га сьнежня 1981 году.

На страйк, арганізаваны прафсаюзам «Салідарнасьць», улады адказалі масавымі арыштамі апазыцыянэраў, увялі камэнданцкую гадзіну, 56 чалавек загінулі, а сам прафсаюз, сябрам якога быў кожны чацьвёрты паляк, забаранілі.

Праз 35 гадоў па ўсёй Польшчы прайшлі дэманстрацыі і пікеты. У Варшаве тысячы людзей прынялі ўдзел у двух галоўных масавых акцыях — апазыцыі і кіруючай партыі «Права і справядлівасьць».

Стаўленьне да ўвядзеньня ваеннага становішча да гэтага часу падзяляе палякаў. Паводле апошніх апытаньняў грамадзкай думкі, 41% лічаць, што гэта быў правільны крок, а 35% прытрымліваюцца супрацьлеглага меркаваньня. У сваю чаргу кожны чацьвёрты паляк ўстрымаўся ад ацэнкі падзеяў 35-ці гадовай даўніны.

Ваеннае становішча ў Польшчы адмянілі 22 ліпеня 1983 года.

Тым часам, сёньня міністар абароны Польшчы Антоні Мачарэвіч заявіў, што аўтары ваеннага становішча, у тым ліку генэрал Войцэх Ярузельскі, будуць пасьмяротна пазбаўленыя генэральскіх званьняў. Пра гэта паведамляе агенцтва Асашыэйтэд Прэс, адзначаючы, што кіруючая партыя «Права і справядлівасьць» такім чынам мае намер аднавіць гістарычную справядлівасьць у дачыненьні да камуністаў, якія кіравалі Польшчай да 1989 году.

Міністар абароны заявіў, што «сёньня апошні раз слова „генэрал“ будзе выкарыстоўвацца зь імем спадара Ярузэльскага любой службовай асобай у Міністэрстве нацыянальнай абароны» і што Кішчак таксама будзе пазбаўлены званьня генэрала.

«Злачынцы, адказныя за узброеныя дзеяньні супраць свайго народу, не заслугоўваюць таго, каб насіць гэтыя вайсковыя званьні», — сказаў міністар. Ярузэльскі памёр у 2014 годзе, а Кішчак ў 2015 годзе.

Кіруючая партыя «Права і справядлівасьць» абвясьціла сваёй місіяй пакараньне галоўных дзеячаў камуністычнай эпохі, асабліва пэрыяду ваеннага становішча. Крокі супраць Ярузэльскага і Кішчака ў значнай ступені маюць сымбалічны характар, аднак заканадаўцы таксама абмяркоўваюць новы закон, накіраваны на скарачэньне пэнсій былых супрацоўнікаў сакрэтных службаў і некаторых вайсковых кіраўнікоў таго часу, якія вышэй, чым пэнсіі звычайных палякаў. Урад сьцьвярджае, што службовыя асобы, якія служылі «насаджэньню Масквой дэспатычнай сыстэмы, не заслугоўваюць якіх-небудзь прывілеяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG