Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны Банк прагназуе рэцэсію, а беларускі міністар — рост. Чаму не супадаюць прагнозы?


Абмяркоўваюць Дзьмітры Гурневіч, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Гэта ўжо такая традыцыя: прагнозы беларускага ўраду і сусьветных эканамістаў звычайна не супадаюць. Як паказвае практыка апошніх гадоў, выйграе МВФ і Сусьветны банк. Іх прагнозы відавочна больш дакладныя і падтрымліваюцца практыкай.

Эканоміка Беларусі працягне заставацца ў стане рэцэсіі яшчэ і ў 2017 годзе. Пра гэта заявіўшы краінавы эканаміст Сусьветнага банку ў РБ Кірыл Гайдук. «Аднаўленьне чакаецца не раней 2018 году», — сказаў Гайдук.

Экспэрты банку прагназуюць, што ВУП Беларусі скароціцца ў наступным годзе на 0,9%. «Захоўваюцца зьнешнія дысбалянсы з прычыны зьніжэньня экспартнае выручкі і даўгавых выплат у замежнай валюце», — Адзначыў Гайдук.

Паводле Сусьветнага банку рост эканомікі магчымы ў 2018 годзе на 1,1%. У першую чаргу гэта зьвязана з аднаўленьнем рынкаў асноўных гандлёвых партнэраў. Кірыл Гайдук падкрэсьліў, што ў дадзеным сцэнары закладзена аднаўленьне абʼёмаў паставак нафты і газу з Расеі. Эканаміст лічыць, што ў 2017 годзе магчыма працяг скарачэньня рэальных даходаў насельніцтва і рост беспрацоўя.

Зь іншага боку, міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі заявіў, што Беларусь мае ўсе магчымасьці для дасягненьня прагнознага росту эканомікі на 1,7% у 2017 годзе.

То бок Сусьветны банк прагназуе падзеньне на 0,9%, міністар Зіноўскі прагназуе рост на 1,7%.

Мне здаецца, у міністра няма іншага выхаду, як падтрымліваць лічбу, прынятую ўрадам, таксама на Ўсебеларускім народным сходзе. Калі б які міністар выказваў сумнеў у такім прагнозе, які б не супадаў зь генэральнай лініяй, то мог бы паплаціцца нават крэслам.

Тры гады падзеньня для беларускай эканомікі — беспрэцэдэнтны пэрыяд. А аднавіцца Беларусі да ўзроўню, напрыклад, 2014 году давядзецца яшчэ некалькі гадоў

Але, як сьведчаць экспэрты, ніякіх падставаў для гэтага росту няма. Калі ў 2018 годзе і будзе паляпшэньне, як лічыць Сусьветны банк, яно будзе зьвязанае менавіта з тым, што паправяцца справы ў галоўных беларускіх экспартных партнэраў. У гэтым годзе экспарт зьніжаўся і ў Расею, і на Захад. На Захад таму, што Расея стала менш пастаўляць у Беларусь нафтапрадуктаў. Лічыцца, што трошкі Расея адновіцца, цэны на нафту ня будуць зьніжацца так, як у 2015-2016.

Тры гады падзеньня для беларускай эканомікі — беспрэцэдэнтны пэрыяд. А аднавіцца Беларусі да ўзроўню, напрыклад, 2014 году давядзецца яшчэ некалькі гадоў.

Гурневіч: Зьвярну ўвагу на лічбу росту рынкаў, зь якімі гандлюе Беларусь, перш за ўсё гэта Расея. Навіна пра тое, што ў Вене адбылася сустрэча, краіны OPEC і дзяржавы, якія не ўваходзяць у лік экспарцёраў нафты дасягнулі пагадненьня пра абмежаваньне сыравіны, канешне можа даваць надзеі для Беларусі. OPEC абяцае зьнізіць здабычу на больш як 1 мільён барэляў за дзень, і з гэтага паўмільёна бярэ на сябе Савудаўская Арабія. Краіны па-за OPEC абмяжуюць здабычу больш як на паўмільёна барэляў, з 0,3 мільёна прыпадае на долю Расеі.

Гэта магчыма дасьць і міністру Зіноўскаму, і ўвогуле беларускаму ўраду, больш падстаў да аптымізму. Задача ўсіх гэтых міністраў ня толькі кантраляваць як адбываюцца дзяржаўныя працэсы, але і каб трымаць людзей у добрым настроі. Калі міністар будзе даваць кепскія прагнозы, казаць пра абвал, зразумела, людзі пачнуць мяняць даляры, рабіць хаатычныя рухі, выяжджаць за мяжу. Гэта, зразумела, беларускім уладам не на руку. Падтрымка стабільнасьці — на сёньня адзіны інструмэнт, які застаўся ў яе, паколькі ў эканоміцы мала што ўдаецца.

Цыганкоў: Даволі яркая вэрсія задачаў міністра эканомікі. Гэта можна ўжо прапіваць у працоўны кантракт!

Гурневіч: Большасьць міністраў з «аптымізмам» глядзіць у будучыню, як і беларускае тэлебачаньне і СМІ, дзе нельга пабачыць інфармацыю, якая б паказвала Беларусь у нэгатыўным сьвятле. Заўсёды за мяжой нешта валіцца ці гарыць, а тут спакой.

Сямашка казаў, што Беларусь фактычна выйшла з рэцэсіі па вытворчасьці, а тут аказваецца, што нам рэцэсію яшчэ на цэлы наступны год прагназуюць

Экспарт упаў на траціну, і гэта ня можа не адбіцца на валютнай выручцы. Прагнозы залежаць ад мэтодыкі падліку — кожны робіць гэта па ўласнай схеме, таму калі інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць некаторыя лічбы, то заўсёды спасылаюцца на крыніцу і мэтодыку — напрыклад, па мэтодыцы Сусьветнага банку альбо МВФ. Цалкам верагодна, што міністар Зіноўскі і не хлусіць, і гаворыць пра сытуацыю так, як яны гэта бачаць.

Статыстыка Белстату можа ўлічваць нейкія іншыя чыньнікі. Не заўсёды прагнозы і Сусьветнага банку спаўняюцца. Яны канешне бліжэйшыя да сапраўднай сытуацыі, паколькі ў іх няма падставы наўмысна паляпшаць вынікі. Яны хутчэй грунтуюцца на той інфармацыі, якую прадстаўляе ім улада, і мы ня ведаем, якая інфармацыя прадстаўлялася.

Я схільны больш канешне верыць Сусьветнаму банку. Сямашка казаў, што Беларусь фактычна выйшла з рэцэсіі па вытворчасьці, а тут аказваецца, што нам рэцэсію яшчэ на цэлы наступны год прагназуюць. Невядома, ці ў 2018-м годзе гэта сытуацыя палепшыцца. Навіна пра OPEC магчыма нешта палепшыць, але як гэта паўплывае наўпрост на Беларусь — цяжка сказаць. Гэта рэгулююць і беларуска-расейскія дачыненьні, якія зараз не найлепшыя.

Карбалевіч: Сусьветны банк зыходзіць з эканамічных рэалій, грунтуецца на эканамічных паказчыках. А прадстаўнікі ўраду зыходзяць з палітычных чыньнікаў.

адна з функцыяў беларускіх ўрадоўцаў — дэманстраваць паказны дзяжурны аптымізм

А палітычныя чыньнікі такія, што ўлады апрыёры не могуць плянаваць падзеньне валавых паказчыкаў. Як гэта загадзя плянаваць крызыс? Таму ў пляне і бюджэце на наступны год прадугледжаны рост. Дакумэнты прыняты парлямэнтам і зацьверджаны прэзыдэнтам. І ўрад павінен яго выконваць, не зважаючы на рэалістычнасьць гэтых плянаў.

Таму адна з функцыяў беларускіх ўрадоўцаў — дэманстраваць паказны дзяжурны аптымізм. Ці можа ён аспрэчваць дакумэнт, падпісаны Лукашэнкам? Вось два тыдні таму ў асяродзьдзі эканамістаў абмяркоўвалі заяву віцэ-прэмʼера Сямашкі, які сказаў: «Мы выжылі, пераадолелі крызыс. Па ўсім прыкметам бачу, што рэцэсія закончылася». І прывёў нейкія дзіўныя лічбы.

Справа ў тым, што маніпулюючы лічбамі, можна даказаць што заўгодна. У адным месяцы спад, у другім падʼём, а адной галіне падзеньне, у іншай рост. І можна ўзяць патрэбныя лічбы і паказчыкі і стварыць уражаньне пераадоленьня крызысу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG