Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне памяці


Анастасія Дашкевіч

Дзіўны народ беларускі. Калі яго ўсе крыўдзяць, ён распачынае енк пра антыбеларускую дзяржаву і крывавы рэжым. А калі гэтую дзяржаву ўрэшце спрабуюць абараніць ад ворагаў (з той або іншай нагоды), распачынаюцца крыкі аб лібэральных свабодах, правах чалавека і г. д. Стакгольмскі сындром у асобна ўзятай дзяржаве. У дзяржаве, на хвіліначку, існаваньне якой ставяць пад сумнеў.

Нагадаю, што за апошнія дні Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб распальваньні міжнацыянальнай варажнечы былі затрыманыя Юрый Паўлавец, Дзмітрый Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Яны супрацоўнічалі з сайтамі Regnum, lenta.ru.

Названыя вышэй людзі ў фамільярнай манеры спрабавалі данесьці расейскаму чытачу думку аб тым, што беларусы не зьяўляюцца асобнай нацыяй, а толькі мясцовай ідэнтычнасьцю ў складзе расейскага народу. Што Беларусь знойдзе ўратаваньне толькі ў складзе вялікай Расеі, дзе беларуская мова будзе ўсяго толькі дыялектам. Карацей, абражаюць Беларусь як могуць, ведаючы, што адказнасьці за гэта ніколі ня будзе: улады самі будуюць «рускі мір», грамадзтву начхаць, патрыёты ня маюць рэсурсу гэта спыніць.

Каб яшчэ больш пераканаць вас у мірных намерах гэтых людзей, зазначу, што Сяргей Шыптэнка на сваёй старонцы ў фэйсбуку, калі дзяліўся навіной аб затрыманні свайго калегі Юрыя, пакінуў невялікі пост: «Ссумаваліся па ветлівых людзях». Ну што, Сярога, спадзяюся, табе цяпер ня сумна.

Але паколькі стакгольмскі сындром перадаецца гэтай парою года паветрана-кропельным шляхам, некаторыя беларускія палітыкі і грамадзкія актывісты занепакоіліся законнасьцю затрыманьня расейскіх актывістаў беларускага паходжаньня. «Гэта свабода слова!», «Свабода меркаванняў», то бок, гэта свабода абражаць і пагарджаць, дамінаваць і зьневажаць.

Вядома ж, паважаныя і ня вельмі абаронцы расейскіх агентаў уплыву хацелі паказацца гуманнымі інтэлектуаламі, маральнымі прыкладамі, праваабаронцамі — але, на мой погляд, выглядаюць пацярпелымі, што страцілі пасьля зьбіцьця памяць. Абараняць нанятых тэкстапісцаў, што распаўсюджваюць агрэсіўны антыбеларускі кантэнт і прапагандуюць нянавісьць? Гэта больш прыкмета нацыянальнай амнэзіі, а не маральнага праваабаронства. Абараняючы іх, вы абараняеце Кісялёва зь ягоным «ядзерным попелам», Салаўёва зь «беларускімі нацыстамі», расейскае ТВ з укрыжаванымі хлопчыкамі і зьбітымі боінгамі. Усё гэта — ня людзі зь перакананьнямі, гэта агромністая прапагандысцкая машына, якая ставіць за мэту вядзеньне інфармацыйнай вайны супраць нашай краіны.

Вядома ж, усе нашы беды не зьвязаны з трыма расейскімі агентамі. І дзяржава наша не перамянілася за ноч ці дзьве, Шуневіч не надзеў вышымайку, а Вакульчык не набіў Пагоню на грудзях. Улада сыходзіць толькі з інтарэсаў замазахаваньня і геапалітычных манэўраў. Але наша задача ў гэтай сытуацыі — шляхам пашырэньня беларушчыны зьмяншаць аўдыторыю «рускага міру», каб ім заставалася ўсё менш і менш месца ў нашай краіне.

І гэтыя маргінальныя антыбеларускія актывісты перастануць нас цікавіць самі сабой, калі ў нас зьявяцца зрухі ў беларускай адукацыі, культуры, мастацтве, навуцы.

Калі працягнуць думку Алега Трусава: мы маладая нацыя, якая паўстала на мужыцкай праўдзе Кастуся Каліноўскага, вызвалілася пад бел-чырвона-белымі сьцягамі 1990-ых, вяртаецца да памяці пасьля ўкраінскай прышчэпкі 2014 году.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (8)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG