Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пасаду прэзыдэнта Францыі будзе змагацца ўраджэнец Каталёніі


Мануэль Вальс

Францускі прэм’ер-міністар Мануэль Вальс падаў у адстаўку, каб пазмагацца за пасаду прэзыдэнта Францыі.

Мануэль Вальс заявіў, што хоча засяродзіць свае намаганьні на падрыхтоўцы да першасных выбараў, якія ягоная партыя — Сацыялістычная партыя Францыі — будзе праводзіць у два этапы, 22 і 29 студзеня 2017 году.

Аналітыкі прадказваюць, што якраз Мануэль Вальс мае найбольшыя шанцы стаць кандыдатам у прэзыдэнты ад сацыялістаў. Цяперашні прэзыдэнт, сацыяліст Франсуа Алянд, заявіў, што ня будзе балятавацца на другі тэрмін.

Рэйтынг Сацыялістычнай партыі вельмі нізкі, і чакаецца, што змаганьне за прэзыдэнцкае крэсла адбудзецца ў сапраўднасьці паміж кандыдатам ад правай партыі «Рэспубліканцы» Франсуа Фіёнам і лідэркай ультраправага Нацыянальнага фронту Марын Ле Пэн.

Мануэль Вальс нарадзіўся ў 1962 годзе ў Барсэлёне, у сям’і каталёнца і італамоўнай швэйцаркі. Ягоныя бацькі, якія на той час ужо былі пасяліліся ў Францыі, хацелі, каб сын нарадзіўся якраз у Каталёніі.

Мануэль Вальс атрымаў францускае грамадзянства ў 1982 годзе, калі яму было 20 гадоў. Францускі закон дазваляе натуралізаваным грамадзянам удзельнічаць у якасьці кандыдатаў у выбарах усіх узроўняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG