Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 125-годзьдзе Багдановіча ў ягоным менскім музэі адновяць экспазыцыю


Музэй Максіма Багдановіча ў Менску

Беларускі паэт Максім Багдановіч нарадзіўся 9 сьнежня 1891 году — у 2016-м адзначаюць ягонае 125-годзьдзе.

З нагоды гэтай даты ў менскім музэі Багдановіча адбудзецца ўрачыстая імпрэза, дэталі якой да канца не раскрываюцца.

Зьміцер Яцкевіч, дырэктар музэю гісторыі беларускай літаратуры, у структуру якога на правах філіі ўваходзіць музэй Багдановіча, сказаў Свабодзе, што 9 сьнежня ў музэі Багдановіча пройдзе адкрыцьцё адноўленай экспазыцыі, якая не працавала больш за 5 год. На імпрэзе «будуць вышэйшыя асобы, пачынаючы ад віцэ-прэм’ераў, намесьніка старшыні адміністрацыі, міністраў». Пасьля пройдзе чытаньне вершаў і ўскладаньне кветак да помніка Багдановічу.

Прэс-сакратар Міністэрства культуры Ілона Немава пацьвердзіла, што ў музэі будзе ўрачыстае адкрыцьцё экспазыцыі, а таксама экскурсія з аповедам пра жыцьцёвы і творчы шлях паэта. Пэўна будзе ўдзельнічаць міністар культуры, пра іншых удзельнікаў прэс-сакратар міністэрства «дакладна ня можа сказаць».

Тым часам юбілей будуць адзначаць 8 сьнежня з 12 да 18 гадзіны ў бібліятэках Менску акцыяй «Паэтычны вянок». 10 сьнежня ў Вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі пакажуць м’юзыкал-прыпавесьць «Апокрыф» паводле аднайменнага твору Багдановіча. А ў дзень народзінаў паэта, 9 сьнежня, рух «За свабоду» заклікае зладзіць а 19-й гадзіне літаратурныя чытаньні пад менскім помнікам паэту.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG