Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня трэба саромецца хадзіць з кійком у сталым узросьце


Падзеньне — гэта досыць распаўсюджаная зьява ў сталым узросьце, бо яна сустракаецца пасьля 65 гадоў у 30 — 40% выпадкаў, а пасьля 80 гадоў — больш чым у паловы людзей.

Падзеньні ў сталым узросьце назіраюцца пры пагаршэньні слуху і зроку, пры ўзроставым зьніжэньні ўвагі і памяці, калі ў чалавека ёсьць паталёгія суставаў ног, пры гавакружэньні, у выпадку актыўнага ўжываньня некаторых лекаў, напрыклад, такіх снатворных як бэнзідыязыпіны (найбольш вядомымі зьяўляюцца рэланіўм, эленіўм, тазэпам, фэназэпам і інш.).

Падзеньні вельмі небясьпечныя. Па-першае, праз траўмы — найбольш распаўсюджанымі зьяўляюцца пералом шыйкі сьцягна і костак запясьця. Па-другое, амаль ва ўсіх пацыентаў мы назіраем зьяўленьне страху наступных падзеньняў, у выніку чалавек баіцца выходзіць на вуліцу ў цёмную пару сутак ці ў дождж, а тым больш падчас галалёду. Гэта ўсё значным чынам зьніжае якасьць жыцьця, а траўма, такая як пералом шыйкі сьцягна, вядзе да пасьцельнага рэжыму і магчымай хуткай сьмерці.

З нашай клінічнай герыятрычнай практыкі. Досыць часта даводзіцца назіраць людзей сталага ўзросту, якія маюць узроставыя парушэньні балянсу. Такіх людзей, магчыма, назіраў кожны — калі чалавек зь цяжкасьцю ўстае з крэсла, потым, падняўшыся, пэўны час стаіць на месцы, каб асвоіцца і ня ўпасьці і толькі потым паціху пачынае кудысьці ісьці. Менавіта пры такіх узроставых нарушэньнях балянсу фармуюцца ўмовы для падзеньня. Першым выхадам з сытуацыі можа быць самы звычайны кіёк, які, вядома ж, па-сучаснаму зроблены і адпавядае стылю чалавека. Пастаянная прысутнасьць кійка — гэта пастаянная наяўнасьць пункту апоры, што не дае чалавеку ўпасьці пры пэўных абставінах. Таму мы, лекары-герыятры, раім кожнаму чалавеку сталага ўзросту, калі ён няпэўна сябе адчувае, калі ёсьць рызыка ўпасьці — не саромецца насіць кіёк. Лепей насіць кіёк, чым гады ляжаць з пераломам шыйкі сьцягна!

Вельмі хочацца спадзявацца, што сталыя людзі прыслухаюцца да гэтай простай парады, а больш маладыя нашы чытачы ім гэта падкажуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG